Мінск 15:37

Колькасць еўрапейцаў, якія наведалі Беларусь на падставе бязвізу, вырасла пасля таго, як Польшча адкрыла мяжу

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

6 кастрычніка, Позірк. З 29 верасня па 6 кастрычніка — за першы поўны тыдзень пасля адкрыцця Польшчай мяжы з Беларуссю — у бязвізавым парадку ў краіну ўехала 3.768 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 3.226), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыла 1.305 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.335), 1.251 грамадзянін Літвы (952), 552 грамадзяніна Польшчы (321) і 660 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (618).

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.213.337 жыхароў Еўропы. З Літвы прыбыло 650.334 чалавекі, Латвіі — 389.536, Польшчы — 122.998. З 35 іншых еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь прыехала 50.469 замежнікаў.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Усе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы Польшчы і Беларусі былі закрытыя з 12 па 24 верасня.

Падзяліцца: