Мінск 00:13

МУС абвяргае паведамленні СМІ аб катаваннях у Беларусі былога афганскага афіцэра

Відэа: МУС Стоп-кадр: “Позірк”

8 кастрычніка, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў выступіла з абвяржэннем інфармацыі ў СМІ аб катаваннях у Беларусі былога афіцэра Мінабароны Афганістана Джыхада Махамеда Гуль Наваі.

“У інтэрнэт-рэсурсах распаўсюдзілася інфармацыя аб грамадзяніне Афганістана, які спрабаваў нелегальна трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь і страціў руку нібыта з-за жорсткага абыходжання з ім беларускімі паліцэйскімі. Інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства (асаблівасці напісання захаваныя).

Паводле слоў начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Івана Новікава, афганскі грамадзянін “прыбыў у Беларусь з Расійскай Федэрацыі і 30 чэрвеня затрыманы ў Мінску з групай нелегалаў”. Да таго часу, паводле сцвярджэння кіраўніка дэпартамента, скончыўся тэрмін дзеяння расійскай візы, якая давала яму права знаходжання ў Беларусі, “у дачыненні да парушальніка прынята рашэнне аб добраахвотнай дэпартацыі, 1 ліпеня ён выехаў у Расію”.

Пазней мужчына “незаконна вярнуўся ў Беларусь” і 27 ліпеня “звярнуўся ў сталічную ўстанову аховы здароўя”, адкуль пасля аказання меддапамогі быў адпушчаны, але праз два дні “шпіталізаваны і знаходзіўся на лячэнні да 20 верасня”, сказаў Новікаў.

“У дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС 9 верасня паступіў ліст прадстаўніцтва Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў [у Беларусі], што ўказаны грамадзянін Афганістана хоча звярнуцца з хадайніцтвам аб прадастаўленні статусу ўцекача, дадатковай абароны або прытулку ў Рэспубліцы Беларусь. У лісце паведамлялася, што ён знаходзіцца ў бальніцы з ампутаванай рукой”, — дадаў прадстаўнік ведамства.

Новікаў сцвярджае, што дэпартамент, які ён узначальвае, 22 верасня рэкамендаваў афганцу “асабіста звярнуцца” з хадайніцтвам аб абароне ва Упраўленне грамадзянства і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама. Таксама яму “даецца магчымасць размяшчэння ў пункце часовага пасялення ўцекачоў у абласным цэнтры”.

“Сёння грамадзянін Афганістана прыбыў у Віцебск для падачы хадайніцтва аб абароне. Органамі ўнутраных спраў замежніку аказана ўся неабходная дапамога і садзейнічанне”, — заявіў Новікаў.

У паведамленні МУС прыводзяцца словы галоўнага ўрача Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі (Мінск) Вольгі Святліцкай. Яна сказала, што “медыкі зрабілі ўсё магчымае для захавання жыцця замежніка”, які “правёў у бальніцы 52 дні”. “Выдаткі дзяржбюджэту на яго лячэнне перавысілі 56 тыс. рублёў і да гэтага часу не пакрытыя”, — падкрэсліла галоўны ўрач.

Прэс-служба МУС прыводзіць таксама словы Джыхаду Махамада Гуль Наваі, які заявіў, што “фізічная сіла з боку беларускіх паліцэйскіх” да яго не ўжывалася, і ён хоча “прывезці ў Беларусь сваю сям’ю, таму што тут бяспечна”.

7 кастрычніка партал reform.news са спасылкай на афганскія СМІ паведаміў, што пры перасячэнні мяжы Беларусі з адной з краін ЕС былы афіцэр Мінабароны Афганістана Джыхад Махамед Гуль Наваі падвергнуўся катаванням з боку беларускіх сілавікоў.

Паводле даных выдання 8am. мedia, мужчына, які ўцёк ад талібаў у Афганістане, знаходзіўся ў адной з бальніц Беларусі пад наглядам супрацоўнікаў МУС.

Сцвярджалася, што “пасля жорсткіх катаванняў і працяглага ўтрымання пад вартай без увагі з боку ўладаў” рука 33-гадовага Наваі “пачарнела ад траўмы і ў выніку была ампутаваная ў бальніцы”.

“Былы афганскі афіцэр, які спрабаваў нелегальна прабрацца ў Еўропу, распавёў, што яго правая рука была ампутаваная па плячо з-за жорсткіх катаванняў і збіванняў з боку міліцыі ў Беларусі, аднак некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што яго рука была ампутаваная з-за хваробы”, — паведаміў партал afintl.com.

Адзначалася, што мужчына жанаты, мае дзвюх дачок.

Падзяліцца: