Мінск 16:28

Лукашэнка, які падтрымлівае расійскую агрэсію, заклікаў не дапусціць уцягвання СНД у “небяспечныя авантуры”

Фота: сайт СНД

10 кастрычніка, Позірк. “Забеспячэнне бяспекі і захаванне міру на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў” з’яўляецца “абсалютным прыярытэтам” сярод ключавых стратэгічных напрамкаў дзейнасці арганізацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 10 кастрычніка на саміце СНД у Душанбэ (Таджыкістан).

“Мы не павінны дапусціць, каб дзяржавы СНД аказаліся ўцягнутыя ў небяспечныя авантуры, якія пагражаюць як нашаму рэгіёну, так і ўсяму чалавецтву”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі тэктанічных геапалітычных працэсаў. Для кагосьці яны азначаюць цяжкае і крыўднае прывядзенне амбіцый у адпаведнасць з рэальнымі магчымасцямі. Для нашай жа Еўразіі яны — неабходны, хоць і балючы этап на шляху да росту глабальнай ролі і ўмацавання статусу аднаго з найважнейшых палітыка-эканамічных цэнтраў шматпалярнага свету”, — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ён “нікога не агітуе” за “аднаўленне Савецкага Саюза”, бо “гэта немагчыма сёння”. “Але эканамічную прастору трэба захаваць”, — дадаў спікер.

Таксама Лукашэнка запрасіў краіны СНД да “актыўнага ўдзелу” ў трэцяй Мінскай канферэнцыі высокага ўзроўню па еўразійскай бяспецы, якая мае адбыцца ў канцы кастрычніка.

Па ўсёй бачнасці, палітык не адносіць да ліку “небяспечных авантур” і “прывядзення амбіцый у адпаведнасці з рэальнымі магчымасцямі” распачатую ў лютым 2022 года і актыўна падтрымліваемую ім расійскую агрэсію супраць Украіны.

Згодна з інфармацыяй на інтэрнэт-партале СНД, Украіна ўсё яшчэ фармальна з’яўляецца членам садружнасці, у якое таксама ўваходзяць Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова (таксама фармальна), Расія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.

Украіна і Малдова, якія з’яўляюцца кандыдатамі на ўступленне ў Еўрасаюз, у саміце СНД не ўдзельнічаюць.

Падзяліцца: