Ціханоўская павіншавала венесуэльскага апазіцыйнага палітыка Марыю Карыну Мачада з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі міру

10 кастрычніка, Позірк. Святлана Ціханоўская павіншавала з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі міру аднаго з лідараў венесуэльскай апазіцыі Марыю Карыну Мачада.
“Шчыра віншую Марыю Карыну Мачада з заслужанай узнагародай — Нобелеўскай прэміяй міру. Ваша мужнасць, непахісная адданасць каштоўнасцям свабоды і самаадданасць у барацьбе за дэмакратыю натхняюць мільёны людзей па ўсім свеце. Гэтая ўзнагарода — прызнанне нязломнага духу і веры ў сілу венесуэльскага народа. Я захапляюся нашай дружбай і цаню яе. Разам мы пераадолеем усё!” — адзначыла дэмлідар.
Прэс-служба Ціханоўскай адзначае, што яна “падтрымлівае сувязь з Марыяй Карынай Мачада цягам апошняга года”, яны “стэлефаноўваліся, перапісваліся, а таксама выступалі на супольных мерапрыемствах”.
20 чэрвеня ў Мадрыдзе Ціханоўская разам з экс-дыпламатам Эдмунда Гансалесам — кандыдатам аб’яднанай апазіцыі, якога шэраг краін прызнае пераможцам на выбарах венесуэльскага прэзідэнта ў 2024 годзе — правяла тэлефонную размову з Мачада, якая, як паведамлялася тады, “знаходзіцца ў падполлі ў Венесуэле”.
На сайце Нарвежскага Нобелеўскага камітэта адзначаецца, што Мачада атрымлівае Нобелеўскую прэмію міру “за нястомную працу ў прасоўванні дэмакратычных правоў народа Венесуэлы і за яе барацьбу за дасягненне справядлівага і мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі”.
Там нагадалі, што “напярэдадні выбараў 2024 года Мачада была кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі, але рэжым заблакаваў яе кандыдатуру”. “Затым яна падтрымала прадстаўніка іншай партыі, Эдмунда Гансалеса Уруцію, на выбарах. Сотні тысяч валанцёраў, якія прадстаўлялі розныя палітычныя плыні, мабілізаваліся, нягледзячы на рознагалоссі. Яны прайшлі падрыхтоўку ў якасці назіральнікаў за выбарамі, каб забяспечыць празрыстыя і сумленныя выбары. Нягледзячы на рызыку пераследаў, арыштаў і катаванняў, грамадзяне па ўсёй краіне дзяжурылі на выбарчых участках. Яны забяспечвалі дакументальнае афармленне канчатковых вынікаў, перш чым рэжым мог знішчыць бюлетэні і схлусіць аб выніках”, — адзначаецца на партале.
“Намаганні калектыўнай апазіцыі, як да, так і падчас выбараў, былі наватарскімі і смелымі, мірнымі і дэмакратычнымі. Апазіцыя атрымала міжнародную падтрымку, калі яе лідары апублікавалі вынікі падліку галасоў, сабраных у выбарчых акругах краіны, якія паказалі, што апазіцыя перамагла з відавочным адрывам. Аднак рэжым адмовіўся прызнаць вынікі выбараў і працягваў чапляцца за ўладу”, — падкрэслілі ў камітэце.
У 2022 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджана кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна”, палітвязню Алесю Бяляцкаму, расійскай арганізацыі “Мемарыял” і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод.
Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч 3 сакавіка 2023 года былі асуджаныя ў рамках палітычна матываванай справы на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
30 студзеня гэтага года стала вядома, што на Нобелеўскую прэмію міру быў намінаваны беларускі палітык, палітвязень Мікалай Статкевіч. Адпаведная прапанова была вылучаная дэпутатам Еўрапейскага парламента ад Літвы Пятрасам Аўштравічусам.
У 2021 і 2022 гадах на Нобелеўскую прэмію міру была намінаваная Ціханоўская.
- Грамадства, Палітыка8 кастрычніка Польшча зарэгістравала рэкордную з пачатку восені колькасць спробаў незаконнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ГрамадстваДапамога жанчынам, пацярпелым ад дзеянняў Стрыжака, не будзе брацца са сродкаў для палітвязняў — BySolМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаБеларусь на другім месцы ў ЕАЭС па падаражэнні прампрадукцыі з пачатку годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства