У дзень, калі Вітольду Ашурку споўнілася б 55 гадоў, Ціханоўская зноў запатрабавала вызваліць палітвязняў

13 кастрычніка, Позірк. “Вітольд Ашурак сёння павінен быў бы адсвяткаваць 55-годдзе, але ён памёр у 2021 годзе як палітвязень беларускага рэжыму”, — адзначыла 13 кастрычніка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
“Многія дагэтуль утрымліваюцца ў нечалавечых умовах і пазбаўленыя медыцынскай дапамогі. Да 200 вязняў знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі. Мы не можам чакаць новых смерцяў. Іх павінны вызваліць”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр 21 траўня 2021 года пры нявысветленых абставінах у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць), мусіў выйсці на волю 9 чэрвеня 2025-га.
У дзень, калі актывіст мусіў вызваліцца, праваабарончы цэнтр “Вясна” нагадаў, што першапачаткова Ашурка затрымалі 9 жніўня 2020 года і арыштавалі на 20 сутак: за ўдзел у акцыі — на 15, за “непавагу да суда” — 5 (мужчына не ўстаў, калі ў залу пасяджэння).
19 верасня таго ж года Ашурка зноў арыштавалі ў адміністрацыйным парадку, а праз месяц яму выставілі крымінальнае абвінавачанне.
18 студзеня 2021 года суддзя Максім Філатаў з суда Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) прыгаварыў Ашурка да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Расследаванне смерці палітвязня было замарожанае і дэ-факта не вядзецца.
У гадавіну смерці Вітольда Ашурка — 21 траўня — дэмакратычная грамадскасць з ініцыятывы праваабаронцаў праводзіць Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
На 13 кастрычніка ў спісе “Вясны” фігуруе 1.221 палітвязень, у спісе праваабарончай ініцыятывы Dissidentby — 1.352. Рэальная колькасць рэпрэсаваных з палітычных матываў можа быць значна большай.

- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы ад пачатку года падаражэлі на 14,7%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваЗа апошнія пяць гадоў экспарт медыцынскага турызму, медпаслуг вырас у паўтара раза — кіраўнік Міністэрства аховы здароўяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ Беларусі ў першым паўгоддзі было выяўлена 69 фактаў забруджвання паверхневых вод — МінпрыродыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 13 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства