Мінск 19:16

Лукашэнка: Трампу не варта перажываць з-за неатрымання Нобелеўскай прэміі міру, быць у шэрагу гэтых адшчапенцаў яму не да месца

Фота: wikipedia.org

14 кастрычніка, Позірк. “Асабліва не перажываць” з нагоды неатрымання Нобелеўскай прэміі міру параіў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу Аляксандр Лукашэнка 14 кастрычніка на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіццю беларуска-амерыканскіх адносін.

“Непрысуджэнне Нобелеўскай прэміі Дональду Трампу з улікам заяў рознага роду нобелеўцаў таксама можна прыняць. Яны абяцаюць, што ў будучым годзе ён дакладна атрымае Нобелеўскую прэмію міру”, — цытуе прамоўцу яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, Трампу не варта перажываць праз прэмію, бо “быць у шэрагу гэтых адшчапенцаў там, напэўна, яму не да месца”.

Лукашэнка назваў Нобелеўскі камітэт “палітызаванай структурай”. “Я часам так думаю, калі б камусьці з вас ці мне прапанавалі гэтую прэмію, я б сапраўды ад яе адмовіўся. Таму што, ну, слухайце, мы ведаем па нашых дзеячам, які ўклад яны ўнеслі ва ўстанаўленне міру ў свеце наогул. Ды нічога не зрабілі. Наадварот — спрыялі і падштурхоўваюць Беларусь да гэтай так званай вайны”, — заявіў палітык, які падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне.

Ён раскрытыкаваны рашэнне Нобелеўскага камітэта аб прысуджэнні прэміі міру “апазіцыянерцы з Венесуэлы”, адзначыўшы, што нібыта нічога не ведае пра яе палітыку: “Ну вось узялі і далі, таму што яна змагалася за разбурэнне Венесуэлы. Гэта нармальна?”.

“Калі абяцаная прэмія Дональду Трампу ў наступным годзе, значыць, мы можам разлічваць на тое, што ён будзе праводзіць палітыку міру. Прынамсі, да ўручэння яму гэтай Нобелеўскай прэміі. Але тое, што ён яе атрымае, гэта безумоўна. Віншаваць яго з гэтым, яшчэ раз падкрэсліваю, нам не варта. У сілу нашага стаўлення да гэтай Нобелеўскай прэміі”, — дадаў Лукашэнка.

Хто абяцаў Трампу прэмію ў 2026 годзе, ён не паведаміў.

У 2025 годзе Нобелеўская прэмія міру прысуджаная аднаму з лідараў венесуэльскай апазіцыі Марыі Карыне Мачадо. На сайце Нарвежскага Нобелеўскага камітэта адзначалася, што Мачада атрымлівае Нобелеўскую прэмію міру “за нястомную працу ў прасоўванні дэмакратычных правоў народа Венесуэлы і за яе барацьбу за дасягненне справядлівага і мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі”.

У 2022 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджаная кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна”, палітвязню Алесю Бяляцкаму, расійскай арганізацыі “Мемарыял” і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод.

30 студзеня гэтага года стала вядома, што на Нобелеўскую прэмію міру намінаваны беларускі палітык, палітвязень Мікалай Статкевіч. Адпаведная прапанова была вылучаная дэпутатам Еўрапейскага парламента ад Літвы Пятрасам Аўштравічусам.

У 2021 і 2022 гадах на Нобелеўскую прэмію міру была намінаваная дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская.

У 2020 годзе Лукашэнка і Трамп у ліку шэрагу палітычных дзеячаў свету былі вылучаныя на сатырычную Шнобелеўскую прэмію за адмаўленне каранавіруса. У 2013 годзе Лукашэнка падзяліў гэтую “прэмію” з беларускай міліцыяй, якая арыштавала аднарукага чалавека за “апладысменты” падчас так званых “маўклівых” акцый пратэсту, якія праходзілі ў 2011 годзе.

Нобелеўская прэмія — самая прэстыжная міжнародная прэмія, якая штогод прысуджаецца за выбітныя навуковыя даследаванні, рэвалюцыйныя адкрыцці альбо за буйны ўклад у культуру ці развіццё грамадства.

Падзяліцца: