Мінск 22:57

Ідэолагі Лукашэнкі, які мае пазашлюбнага сына, назвалі “разлажэннем маральных асноў” грамадзянскія і гасцявыя шлюбы

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 17 кастрычніка 2025 года ў 11:40

16 кастрычніка, Позірк. “Разлажэннем маральных асноў і нежаданнем несці адказнасць“ назвалі грамадзянскія і гасцявыя шлюбы аўтары метадычных матэрыялаў да кастрычніцкага “штомесячнага дня інфармавання насельніцтва“. Паводле іх сцвярджэння, такія шлюбы сталі моднымі ў краінах Еўрапейскага саюза.

Агульная тэма дня інфармавання, які прайшоў 16 кастрычніка, — “Роля сямейных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве“.

Тэксты для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, куды ўключаныя чыноўнікі, ідэолагі і прапагандысты, традыцыйна падрыхтаваў НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Пры гэтым у метадычках не згадваецца, што трэці сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай народжаны па-за шлюбам, а сам ён даўно не жыве з жонкай Галінай, пра развод з якой афіцыйна не паведамлялася. У 2014 годзе Лукашэнка пацвердзіў, што не разведзены.

У ЕС “у сярэднім першыя шлюбы рэгіструюцца ва ўзросце 30-35 гадоў, пры гэтым амаль палова з іх з часам усё роўна распадаецца“, пішуць аўтары метадычак.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2023 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 56.044 шлюбы і 33.962 разводы. Колькасць разводаў склала 60,6% ад колькасці шлюбаў. У 2024 годзе было зарэгістравана 46.242 шлюбы і 34.866 разводаў (75,4% ад колькасці шлюбаў). Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб расце: у 2014 годзе ён складаў 27,4 года ў мужчын і 25,3 года ў жанчын, у 2023-м — адпаведна 28,8 і 26,5 года, у 2024-м — 28,9 і 26,7.

Ідэолагі Акадэміі кіравання сцвярджаюць, што “ў рамках прасоўвання“ уласных каштоўнасцяў “аб’яднаны Захад легалізуе аднаполыя шлюбы, узмоцнена прапагандуе трансгендарныя змены і апраўдвае педафілію, а наяўнасць прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў ва ўладных структурах абвяшчаецца паказчыкам нібыта “дэмакратычнасці“ і “адкрытасці” краіны. Акрамя таго, ідэя аднаполых шлюбаў нібыта “літаральна “убіваецца“ ў свядомасць абывацеля“, ідзе навязванне “псеўданавуковай замены падзелу чалавека на два полу — мужчыны і жанчыны — шматлікімі гендарамі, якія ўжо дасягаюць сотні“.

Між тым сам Лукашэнка раней — 31 сакавіка 2023 года падчас штогадовага паслання народу і Нацыянальнаму сходу — публічна пацвердзіў, што ў органах улады на “вельмі высокім узроўні“ дастаткова шмат геяў і працуюць яны добра: “Ніводнай адмоўнай характарыстыкі. Дай бог не геям так працаваць, як яны”.

У метадычках да дня інфармавання інтэрнэт надзелены правамі суб’екта, “які “ўцягвае” сучасных маладых людзей у сістэму сваіх скажоных уяўленняў аб свеце”.

Лібералізм, індывідуалізм, свабода выбару і самаідэнтыфікацыі названыя “пагрозамі перафарматаванню гістарычнага кода нацый, разбурэнню каштоўнасных арыенціраў народаў“ (так у арыгінале, давальны склон замест вінавальнага, “перафарматавання“ і “разбурэння“).

Згадваюцца “англасаксы“, якім быццам бы “патрэбныя страта нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і — следам — разбурэнне асноў беларускай дзяржаўнасці”.

Сцвярджаецца таксама, што ў “атамізаваным соцыуме“, да якога нібыта імкнуцца ворагі Беларусі, “непазбежна з’яўляюцца і актыўна дзейнічаюць дзясяткі тысяч фондаў, цэнтраў, ініцыятыў,“ супалак ” і іншых НКА. Тысячы грамадскіх арганізацый. Сотні партый“, якія не маюць “ніякіх такіх асаблівых праграм“, а толькі ўзмацняюць “спажывецкі індывідуалізм“ і “палягчаюць маніпуляванне натоўпамі асобін”.

Падзяліцца: