Мінск 15:31

За тыдзень у Беларусь на падставе бязвізу ўехала 4.449 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

20 кастрычніка, Позірк. З 13 па 20 кастрычніка ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 4.449 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 4.426), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у краіну прыбыло 1.389 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.583), 1.476 грамадзян Літвы (1.548), 742 грамадзяніны Польшчы (603) і 842 грамадзяніны іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (692).

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.222.212 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбылі 392.508 замежнікаў, з Літвы — 653.358, з Польшчы — 124.343. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехалі 52.003 замежныя грамадзяніны.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: