Беларуская рада культуры: Мілітарызацыя — найбольш небяспечная тэндэнцыя ў сучаснай сістэме адукацыі

21 кастрычніка, Позірк. Маштабнае даследаванне, прысвечанае “палітыцы дзяржавы ў справе (дэ)канструявання нацыянальнай гістарычнай памяці ў адукацыі, сімволіцы, грамадскай і культурнай прасторы”, прадставіла Беларуская рада культуры (БРК).
У даследаванні, як паведамляецца, выкарыстаныя метады параўнальнага аналізу, дыскурс-аналізу зместу вучэбных дапаможнікаў, герменеўтычны метад, метад сацыяльнага канструктывізму.
Эксперты адзначаюць, што “лавіна рэпрэсій”, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі “абрушыў на жыхароў Беларусі пасля здушэння пратэстаў 2020 года, сее страх” з мэтай “знішчыць магчымасць паўтору пратэснага сцэнарыя”.
“Нацыянальную сімволіку спрабуюць звязаць з калабарацыянізмам часу Другой сусветнай вайны, а калабарацыяністаў прыраўноўваюць да нацыстаў. Гісторыя робіцца інструментам для абвінавачвання праціўнікаў рэжыму, стварэння “гістарычнага абгрунтавання” іх пераследу”, — гаворыцца ў даследаванні.
Кнігі лаурэатаў Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч і Лейпцыґскай прэміі за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне Альгерда Бахарэвіча, творы беларускіх філосафаў, пісьменнікаў, гісторыкаў, сацыёлагаў “канфіскуюць з бібліятэк, спальваюць, закопваюць бульдозерам”, “за іх захоўванне пагражае арышт”, адзначаюць эксперты. “Ніхто дакладна не ведае, што яшчэ дазволена ў беларускім тэатры абсурду, а што ўжо не”, — падкрэсліваецца ў працы.
Адзначаецца, што “празмерная жорсткасць рэпрэсіўных пастановаў, несувымернасць пакаранняў <…> ствараюць уражанне хаосу ды бессістэмнасці”.
“Але калі зірнуць на карціну звонку, дробныя кавалачкі складваюцца ў мазаіку. Сістэма існуе. Уважліваму назіральніку робіцца ясна, дзе для яе галоўны вораг, якія старонкі гісторыі імкнуцца “схаваць”, чые імёны — не згадваць”, — звяртае ўвагу БРК.
На думку аўтараў, “роля галоўнага геапалітычнага ворага сучасным кіраўніцтвам Беларусі адведзеная Польшчы”, што абумоўлена “не толькі падтрыманнем польскім бокам праціўнікаў нелегітымнага рэжыму, але і жаданнем пазбавіць беларускую гісторыю еўрапейскага кантэксту”.
Праўладныя гісторыкі “не лічаць больш патрэбным” вылучаць гісторыю Рэчы Паспалітай у асобны перыяд, “аднабакова негатыўна трактуюць” перыяд Другой Рэчы Паспалітай, зафіксаваныя “прыклады дзяржаўнага вандалізму” адносна месцаў памяці жаўнераў Войска Польскага і Арміі Краёвай. Канстатуецца, што ў грамадскай свядомасці замацоўваюцца даты, якія падкрэсліваюць супрацьстаянне з “польскім светам”: 17 верасня зацверджаны як Дзень народнага адзінства, свята адзінства Беларусі з Расіяй Масква прапануе адзначаць у дзень трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, 24 кастрычніка.
У выніку “русіфікацыі беларускай гістарычнай прасторы” пасля 2020 году аўтары абноўленых навучальных дапаможнікаў “імкнуцца даказаць, што ў складзе Расійскай імперыі беларусам жылося лепш, а антырасійскія паўстанні псуць гэтую карціну”, гаворыцца ў даследаванні. Выпускнікі беларускіх школ і ўніверсітэтаў “амаль нічога не ведаюць пра ўпартую антырасійскую барацьбу сваіх продкаў”.
Сярод гістарычных дзеячаў, згадка пра якія “выклікае страх” у прадстаўнікоў беларускіх уладаў, у аўтары называюсь Кастуся Каліноўскага і Вацлава Ластоўскага.
Акрамя таго, звяртаецца ўвага, што ў беларускіх падручніках “адсутнічаюць тэмы сталінскіх рэпрэсій ды іх наступстваў, гісторыі беларускай эміграцыі, усебаковага аналізу падзей Другой сусветнай вайны”. Адначасова, як сцвярджаецца, гераізацыя гэтай вайны “дасягнула абсурдных памераў у беларускай адукацыйнай прасторы” <…>, “вывучэнне гісторыі пачынаецца з ваеннай тэмы, апісання карных аперацыяў і пакутаў беларускага народу”.
“Мілітарызацыя адукацыйнай і выхаваўчай прасторы — найбольш небяспечная тэндэнцыя ў сучаснай сістэме адукацыі”, — падкрэсліваюць эксперты. Адзначаецца, што ў Беларусі пад выглядам патрыятычнага выхавання “дзецям прышчапляюць вернасць асабіста Лукашэнку, навязваюць ідэалогію “русского мира”.
Даследчыкі перакананыя, што “злачынствы службовых асобаў, якія спрыяюць мілітарызацыі адукацыйнай прасторы Беларусі, павінны быць зафіксаваныя для наступнага выстаўлення абвінавачанняў у Міжнародным крымінальным судзе”, бо рэальная пагроза адказнасці за свае дзеянні “можа знізіць высокі градус актыўнасці беларускіх чыноўнікаў у гэтым кірунку”.
У апошнія гады беларускае грамадства “сутыкнулася з вострай неабходнасцю” актуалізаваць паняцці “безумоўнасці каштоўнасці чалавечага жыцця” і таго, што “захопніцкая вайна — абсалютнае зло, якое знішчае жыццё і будучыню ўсіх яе ўдзельнікаў”.
“Неабходна ствараць адукацыйны кантэнт для дзяцей з мэтаю фарміравання сістэмы каштоўнасцяў, што ёсць асновай нашага культурнага коду, вызначае беларусаў як частку еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі”, — падкрэсліваюць даследчыкі.
Неабходным чыннікам фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў, паводле меркавання экспертаў, павінны стаць сярод іншага “дэкамунізацыя і дэкаланізацыя беларускай тапанімікі”, “патрэбная шырокая грамадская дыскусія ў гэтых пытаннях, абмеркаванне канкрэтных варыянтаў, іх лакалізацыя, рыхтаванне гістарычных абгрунтаванняў перайменаванняў”.
У грамадстве, падкрэсліваюць аўтары, адсутнічае разуменне “прычын эміграцыі, яе асноўных кірункаў, хваляў і г.д.”. “Досвед беларускіх эмігрантаў, іх унёсак у нацыянальнае адраджэнне, сусветную навуку і культуру дасюль не асэнсаваныя”, таму “гісторыя беларускай эміграцыі чакае сваіх даследнікаў, выкладнікаў і папулярызатараў”, гаворыцца ў даследаванні.
Пры гэтым у беларускай адукацыйнай прасторы ідзе актыўная прапаганда ідэй “русского мира”. Адначасова ажыццяўляюцца захады для абмежавання доступу грамадзян да еўрапейскай адукацыі. “Гэта можа прывесці да арыентацыі беларускай інтэлектуальнай эліты на Расію”, — адзначаюць даследчыкі.
Для супрацьдзеяння негатыўным тэндэнцыям, паводле іх пераканання, важна падтрымліваць культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы, якія прасоўваюць беларускую мову, культуру, гісторыю і пашыраць магчымасці ўдзелу беларускіх школьнікаў, студэнтаў і выкладнікаў у міжнародных адукацыйных праграмах навучання і перападрыхтоўкі.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаМінская вобласць плануе павялічыць вытворчасць мяса птушкі ў 2028 годзе на 14%, яек да 2030 года — на 30%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 21 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка