Мінск 01:49

Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з “неаднаразовымі парушэннямі паветранай прасторы“

Ілюстрацыя: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

22 кастрычніка, Позірк. Ноту пратэсту ў сувязі з “неаднаразовымі і частымі парушэннямі паветранай прасторы Рэспублікай Беларусь” уручыла Міністэрства замежных спраў Літвы 22 кастрычніка часоваму паверанаму ў справах Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, “незаконнае пранікненне групы метэазондаў <…>, зафіксаванае радыёлакацыйнымі сродкамі, стварыла пагрозу грамадзянскай авіяцыі і грамадскай бяспекі“, а парушэнне працы Вільнюскага аэрапорта “пацягнула за сабой фінансавыя страты“.

Знешнепалітычнае ведамства Літвы назвала парушэнні дзяржаўнай мяжы “грубым парушэннем міжнароднага права”.

Вільнюс заклікаў Мінск забяспечыць кантроль сваёй паветранай прасторы, а таксама запатрабаваў правесці расследаванне таго, што адбылося.

МЗС папярэдзіў, што ў выпадку паўторных незаконных парушэнняў паветранай прасторы Літва пакідае за сабой права прыняць “адпаведныя меры ў адказ“.

У выпадку яшчэ аднаго масавага залёту на тэрыторыю Літвы паветраных шароў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая, заявіла 22 кастрычніка прэм’ер-міністр балтыйскай краіны Інга Ругінене.

“Мы не пойдзем ні на якія саступкі Беларусі ў гэтым пытанні, — дадала Ругінене. — <…>Мы дакладна не будзем марнаваць на гэты час. <…> Гэта выразна дае зразумець нашым суседзям, што мы дакладна не пацерпім падобных дзеянняў”.

Аб перспектывах закрыцця мяжы з Беларуссю “на больш працяглы тэрмін” з-за інцыдэнту з аэрастатамі раней 22 кастрычніка заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс.

У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з боку Беларусі масава заляцелі паветраныя шары, якія кантрабандысты звычайна выкарыстоўваюць для дастаўкі цыгарэт. Паведамлялася, што агулам у Літве выяўлена восем шароў, затрыманы адзін чалавек.

З-за палёту паветраных шароў прыпыняў працу Вільнюскі аэрапорт. Паводле слоў прадстаўніка аэрапорта Віталя Рочэ, пацярпела больш за 4 тыс. пасажыраў, рэйсы якіх перанеслі або адмянілі.

Таксама праз метэазонды, якія прыляцелі з боку Беларусі, Літва закрывала мяжу.

Падзяліцца: