Мінск 17:27

У Мінску прадпрымальнік, які працаваў на даху будынка, загінуў праз абвальванне канструкцыі

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

23 кастрычніка, Позірк. У Мінску 23 кастрычніка загінуў 43-гадовы індывідуальны прадпрымальнік, які працаваў на даху будынка па вул. Будслаўскай (Цэнтральны раён), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, на даху ўсталяванае “антэнамачтавае збудаванне”. “Падчас выканання работ адзін з элементаў канструкцыі абваліўся з вышыні каля 20 метраў, — гаворыцца ў паведамленні. — Мужчына, прымацаваны страховачным тросам да абваленай часткі, апынуўся пад ёй. Ад атрыманых траўмаў рабочы памёр на месцы”.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Як паведамляў “Позірк”, 13 кастрычніка на будоўлі жылога дома па вул. Цвіркі (Ленінскі раён Мінска) 39-гадовы рабочы “упаў з балкона <…> з вышыні пятага паверха на бетонную пляцоўку”. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр у машыне хуткай дапамогі.

У Беларусі людзі гінуць на працоўных месцах сістэматычна.

Раней паведамлялася, што 23 верасня ў Мінску ў цэху аднаго з рэканструяваных прадпрыемстваў Фрунзенскага раёна загінуў 52-гадовы рабочы.

17 верасня ў Бабруйску (Магілёўская вобласць) загінуў завалены грунтам рабочы.

3 верасня ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць) часткай ствала дрэва быў смяротна траўмаваны 54-гадовы вальшчык лесу.

30 жніўня верасня ў Смаргонскім раёне (Гродзенская вобласць) 56-гадовага электрыка, які ўсталёўваў электрашчыт знешняга ўліку ў садовым таварыстве, забіла токам. 19 жніўня ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласць) сухая елка ўпала на 46-гадовага грузчыка. 14 жніўня ў Бабруйску рознарабочы сарваўся з вышыні і загінуў. 11 жніўня ў Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) на 49-гадовага рабочага, які выконваў будаўнічыя работы на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, упала бетонная пліта. 6 жніўня на будаўніцтве аб’екта па вул. Танкавай у Мінску 43-гадовы дапаможны рабочы спатыкнуўся, упаў з вышыні трэцяга паверха на бетонныя прыступкі і памёр ад атрыманых траўмаў.

18 ліпеня на будоўлі ў Новалукомлі (Віцебская вобласць) 35-гадовы дапаможны рабочы зваліўся з трэцяга паверха, памёр у бальніцы. 14 ліпеня ў Наваполацку (Віцебская вобласць) 27-гадовы дапаможны рабочы на будаўнічым аб’екце спатыкнуўся на вышыні больш як 8 метраў і ўпаў на бетоннае пакрыццё.

22 чэрвеня 37-гадовы мужчына, прыцягнуты да зносу будынка ў Валожынскім раёне (Мінская вобласць), загінуў праз абвальванне бетоннай пліты сцяны-перакрыцця. 11 чэрвеня ў Мачулішчах (Мінскі раён) падчас будаўнічых работ на вул. Авіятараў абарваліся трасы калыскі, якая знаходзілася на ўзроўні чацвёртага паверха — у выніку падзення загінуў 65-гадовы рабочы, яго 50-гадовы калега трапіў у рэанімацыю.

9 студзеня на будаўніцтве комплексу “Мінск-Мір” 41-гадовы мантажнік сарваўся з дзясятага паверха і загінуў.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч, у 2024 годзе траўмы на вытворчасці атрымалі 1.849 чалавек — на аднаго менш, чым у 2023-м (1.850). Колькасць загінулых скарацілася за год на 10,3% (са 117 да 105).

Летась 17 пацярпелых былі ва ўзросце менш за 18 гадоў, двое з іх загінула.

74% сярод усіх пацярпелых — мужчыны, сярод загінулых іх 96,2%. Такая прапорцыя “назіраецца ўжо не першы год”. Гэта, на думку Семіча, сведчыць пра тое, што на працы “жанчыны больш спакойныя і дысцыплінаваныя”. “Партрэт загінулага — мужчына 44–45 гадоў”, — адзначыў прадстаўнік Мінпрацы.

У пяцёрку самых траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля, слесар, дапаможны рабочы, трактарыст, жывёлавод.

Падзяліцца: