Мінск 21:57

Павераная ў справах ФРГ аус дэм Зіпен уручыла копіі даверчых грамат намесніку кіраўніка МЗС Сякрэце

Фота: МЗС

23 кастрычніка, Позірк. Павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен уручыла копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў Ігару Сякрэце, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

“Бакі абмеркавалі актуальны стан і перспектывы беларуска-германскіх адносін у кантэксце існуючых рамачных умоў”, — гаворыцца ў сувязі з гэтым у кароткім рэлізе.

Новы кіраўнік амбасады ФРГ Катрын аўс дэм Зіпен, як і яе папярэдніца Андрэа Віктарын, не будзе працаваць на пасадзе амбасадара. Пра гэта 3 кастрычніка паведамілі “Позірку ў дыпламатычнай місіі.

Пасля прызначэння аўс дэм Зіпен упершыню прыбыла ў Мінск 2 верасня.

1 кастрычніка яна ўзяла ўдзел у прыёме з нагоды 35-годдзя аб’яднання Германіі (3 кастрычніка 1990 года).

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі амбасадараў (падтрымліваюць афіцыйныя кантакты з мінскім і маскоўскім рэжымамі), узначальваюць часовыя павераныя ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам. Андрэа Віктарын таксама была часовым павераным у справах Германіі ў Беларусі (з верасня 2024-га па ліпень 2025 года).

У 2000-2003 гадах Віктарын была пастаянным прадстаўніком амбасады ФРГ у Мінску, у 2015-2019 гадах узначальвала прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.

28 траўня на дзяржканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім беларускія сілавікі абвінавацілі рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданняў “Вольнае Глыбокае“ (Віцебская вобласць), “Бабруйск Інфа“ і “Вечерний Бобруйск“ (Магілёўская вобласць) у тым, што яны нібыта пісалі заказныя матэрыялы пра Германію і атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне ад нямецкай амбасады.

Прапагандыст Ігар Тур сцвярджаў, што з 2020 года “нямецкая амбасада выдаткавала блізу 226 тыс. долараў на артыкулы рэкламнага характару, якія праслаўляюць нібыта выдатную Германію ў параўнанні з нібыта менш выдатнай Беларуссю”.

Таксама ў сюжэце згадвалася выданне з Горак (Магілёўская вобласць) “Узгорак”, якое спыніла выхад у 2022 годзе і нібыта таксама супрацоўнічала з амбасадай Германіі. Дэманстраваліся таксама кадры сачэння за супрацоўнікамі дыпмісіі.

Падзяліцца: