Мінск 09:30

Латушка заявіў аб сачэнні за супрацоўнікамі НАУ ў Літве, Германіі, Чэхіі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 25 кастрычніка 2025 года ў 11:11

24 кастрычніка, Позірк. Пра факты сачэння ў Літве, Германіі і Чэхіі заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў размове з журналістамі пасля прэзентацыі даклада “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі”. Дакумент быў падрыхтаваны сумесна з аб’яднаннем BelPol і прадстаўлены 23 кастрычніка ў Варшаве.

Паводле слоў Латушкі, вялося сачэнне за аўтамабілямі, рабіліся фотаздымкі. Інфармацыя пра гэта перададзена ў праваахоўныя органы адпаведных краін. “Яны добра разумеюць усе рызыкі”, — адзначыў палітык.

Ён выказаў удзячнасць польскаму боку за ўзмацненне захадаў бяспекі ў апошнія месяцы, за “адпаведныя крокі па супрацьдзеянні пагрозам з боку спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі”.

“Я б не хацеў уваходзіць у дэталі. Гэта ўсё ж такі закрытая інфармацыя, але гэта робіцца вельмі сістэмна і канкрэтна”, — заявіў кіраўнік НАУ.

Паводле яго слоў, ціск на супрацоўнікаў зводзіцца да таго, што ад іх патрабуюць сысці з каманды, вярнуцца ў Беларусь.

“Гэта таксама збор інфармацыі. У нас было некалькі фактаў, калі спрабавалі атрымаць, напрыклад, нашы дакументы, якія мы перадавалі ў міжнародныя структуры, па фактах незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей, іх індактрынацыі; па пытаннях Міжнароднага крымінальнага суду. Гэта цікавіць рэжым, бо гэта закрытая інфармацыя, яна носіць канфідэнцыйны характар. Яна не капіюецца, знаходзіцца на адпаведных носьбітах”, — сказаў Латушка.

Паводле яго слоў, беларускія спецслужбы гатовыя нават “плаціць грошы альбо пагражаць, шантажаваць роднымі і блізкімі”.

Прадстаўнік аб’яднання BelPol Мацвей Купрэйчык назваў “вельмі важным інструментам” базу супрацоўнікаў КДБ, якую нядаўна здабыла група “Кіберпартызаны”.

“Мы не збіраемся спыняцца, мы будзем змагацца з рэжымам Лукашэнкі. Як мы кажам заўсёды напрыканцы нашых расследаванняў на “Ютубе”, нічога не скончылася, пакуль мы не пераможам”, — заявіў Купрэйчык.

Гл. таксама:

26 кастрычніка BelPol апублікуе расследаванне аб падраздзяленні КДБ “Альфа”, якое пераследуе апанентаў рэжыму — прадстаўнік аб’яднання (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: