Мінск 23:54

СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да былога дырэктара РЦАП па фрыстайле Вадзіма Крывашэева

Калаж: athletes.by / асабісты архіў Вадзіма Крывашэева

24 кастрычніка, Позірк. Пра пачатак 24 кастрычніка спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да 42-гадовага Вадзіма Крывашэева паведамляецца ў спецыялізаваным тэлеграм-канале Следчага камітэта.

Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 426 (у рэдакцыі закона ад 9 студзеня 2019 года, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), ч. 1 арт. 357 (у рэдакцыі закона ад 26 мая 2021 года, змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (у рэдакцыі закона ад 14 снежня 2021 года, заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 3 арт. 361¹ (у рэдакцыі закона ад 26 траўня 2021 года, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

СК прапануе Крывашэеву з’явіцца ў сваё мінскае ўпраўленне.

У 2020 годзе Крывашэеў быў звольнены з пасады дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле за адмову караць спартсменаў, якія выказаліся супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі і гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту.

У 2021 годзе Крывашэеў эміграваў у ЗША.

Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і снаўборду (FIS) 21 кастрычніка не дапусціла беларускіх і расійскіх спартсменаў да кваліфікацыйных спаборніцтваў пад сваёй эгідай да зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года. Беларускія фрыстайлісты з 1998 года заваёўвалі медалі на ўсіх Алімпіядах.

Па лініі СК працэдура спецыяльнай вытворчасці ў Беларусі прымянялася ў дачыненні як мінімум да 162 чалавек. Раней 24 кастрычніка ведамства абвясціла пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні да 40-гадовага Дзмітрыя Баніта.

Спецвытворчасць — гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад з’яўлення ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Магчымая паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі паводле іх рашэнняў маёмасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Падзяліцца: