Эксперт па бяспецы раіць не карыстацца новым расійскім месенджарам Telega
24 кастрычніка, Позірк. Новы расійскі месенджар Telega, які раскручваецца за кошт рэкламы ў “Тэлеграме”, не з’яўляецца бяспечным. Такім меркаваннем з Беларускай асацыяцыяй журналістаў падзяліўся эксперт па бяспецы Мікалай Кванталіані.
Паводле яго слоў, недахопаў у новай платформы значна больш, чым плюсаў.
Па-першае, у яго вельмі мала карыстальнікаў — да 100 тыс., а таму існуе “патэнцыйная пагроза таго, што, калі ў сэрвісе выявяцца ўразлівасці бяспекі, мы даведаемся пра гэта не так хутка, як хацелася б”.
“Сервіс заяўляе пра выкарыстанне структуры без доступу да кантэнту, але пры гэтым збірае вялікі аб’ём метаданых: Telegram ID карыстальніка, нумар тэлефона, IP-адрас, што дазваляе самому сервісу ідэнтыфікаваць карыстальніка”, — патлумачыў эксперт.
Таму, робіць ён выснову, “асноўная рэкамендацыя беларусам — не карыстацца Telega”.
Акрамя таго, новы месенджар не дазваляе тэлефанаваць за межы Telega — усе камунікацыі адбываюцца толькі праз гэты сервіс.
“Гэта прымушае людзей спампоўваць менавіта яго, а не “Телеграм”, — падкрэсліў Кванталіані. — Нягледзячы на ўсю неадназначнасць стаўлення да прадукту [стваральніка “Телеграма” Паўла] Дурава, у нас няма пацвярджэнняў таго, што яго месенджар перадаваў інфармацыю пра змест перапіскі. Калі выбіраць паміж Telega і Telegram, эксперты больш давяраюць апошняму”.
Кажучы пра рэкламныя банеры Telega ў “Телеграме”, эксперт адзначыў, што яны “з’яўляюцца часткай манетызацыі гэтай платформы”.
“Паказ гэтых паведамленняў беларускай аўдыторыі таксама звязаны з тым, што на тэрыторыі РФ блакуюцца рэсурсы, а беларуска-расійскі сегмент інтэрнету з пункту гледжання рэкламадаўцы можа выглядаць аднастайным”, — лічыць Кванталіані.
Ён падкрэсліў, што новае прыкладанне, створанае ў 2025 годзе, па сутнасці нічым не адрозніваецца ад любога іншага, якое дазваляе выкарыстоўваць для падключэння інфраструктуру “Телеграма”.
“Складанасць заключаецца ў тым, што кампанія-распрацоўшчык знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі, — патлумачыў ён. — Адпаведна, асноўная праблема — гэта ідэнтыфікацыя карыстальніка, бо па змоўчванні прыкладанне збірае даныя ID у звязцы з нумарамі тэлефонаў. Гэта азначае, што пры паступленні запыту ад праваахоўных органаў на наданне ўсёй інфармацыі пра карыстальніка (нават пры адсутнасці доступу да кантэнту) IP-адрас і месцазнаходжанне гэтага чалавека могуць быць вызначаныя без праблем”.
На думку эксперта, калі гаворка ідзе пра канфідэнцыйнасць, “пэўна, лепш пашукаць іншыя сродкі камунікацыі”.
Як указана на сайце месенджара, Telega — гэта “прыкладанне на базе кода Telegram”. Унутры яго — “звыклы Telegram-досвед плюс зручныя функцыі: стужка “Сцяна”, гнуткая настройка, стабільныя званкі і праца пры праблемах з падключэннем”.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала найменшую за 7,5 месяца колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаЛатушка заявіў аб сачэнні за супрацоўнікамі НАУ ў Літве, Германіі, ЧэхііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБеларусь на трэцім месцы ў ЕАЭС паводле пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзерваміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

