Вінаватым у кантрабандзе з аэрастатамі інкрымінуюць нанясенне шкоды аэрапорту ў Вільнюсе — прэм’ер Літвы

26 кастрычніка, Позірк. Узмацненне крымінальнай адказнасці для асоб, якія маюць дачыненне да кантрабанды, анансавала на брыфінгу 26 кастрычніка прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.
“Справы будуць аб’яднаныя, і да іх дадасца шкода, прычыненая аэрапорту [ў Вільнюсе]”, — цытуе прэм’ера партал lrt.lt.
Ругінене звярнула ўвагу, што напярэдадні ў Літву з боку Беларусі заляцела “невялікая колькасць аэрастатаў”, але ў цэлым “выходныя былі даволі цяжкімі, дзве бяссонныя ночы”.
“Нашым прыярытэтам з’яўляецца абарона жыхароў Літвы, таму і прымаюцца рашэнні аб закрыцці аэрапорта на пэўны перыяд часу. <…> Учора не было ніякай пагрозы <…>, але калі мы заўважылі, што паветраныя шары ляцяць у бок аэрапорта, было прынятае рашэнне [прыпыніць яго працу]”, — сказала кіраўніца літоўскага ўрада.
Яна анансавала пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы, па выніках якога ў панядзелак будуць прапанаваныя “канкрэтныя рашэнні”.
Ругінене таксама адзначыла працу дыпламатыі: “Беларусі накіроўваюцца папярэджанні, што мы не пацерпім падобных дзеянняў. Адказ будзе самым строгім”.
Прэм’ер не выключыла закрыцця мяжы з Беларуссю “на больш працяглы тэрмін”.
Каментуючы магчымасць збіцця аэрастатаў, яна паведаміла, што ў суботу адзін з іх ляцеў на вышыні восем кіламетраў. “Гэта паветраныя шары, якія лётаюць даволі высока, іх хуткасць дасягае 100–200 км/г”, — удакладніла Ругінене.
Улады Літвы, паводле яе слоў, разглядаюць варыянт прызямлення метэазондаў “з дапамогай кінэтычных сродкаў”, аднак пры гэтым улічваюцца рызыкі, калі “такі шар раптам упадзе”.
Увечары 25 кастрычніка праз залёт аэрастатаў з Беларусі Літва закрыла мяжу з Беларуссю і прыпыніла працу аэрапорта ў Вільнюсе. Уначы абмежаванні былі знятыя.
Паведамлялася, што праз прыпыненне працы аэрапорта “пацярпела каля 3.500 пасажыраў, 25 рэйсаў былі скасаваныя, 4 перанакіраваныя, а 14 пацярпелі”.
Раней на гэтым тыдні праца літоўскіх аэрапортаў двойчы прыпынялася праз аэрастаты, што ляцелі з тэрыторыі Беларусі — такія, якія апошнім часам выкарыстоўваюць кантрабандысты для незаконнага транспартавання цыгарэт.
Першы выпадак здарыўся ў ноч на 22 кастрычніка. Праз аэрастаты ў аэрапорце Вільнюса затрымалі або скасавалі восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да 9 гадзін раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая. Пра перспектывы закрыцця мяжы “на больш працяглы тэрмін” заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.
Праз чарговы прылёт шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. З’яўленне аэрастатаў парушыла працу аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).
На гэтым фоне Ругінене анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.
25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыла паверанаму ў справах Беларусі “строгую ноту пратэсту”, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці”.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”. Паводле яе слоў, рэжым “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”; грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.
Палітык падтрымала “крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды”, але заклікала “пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”.
Страты вільнюскага аэрапорта праз залёт з Беларусі аэрастатаў з кантрабанднымі цыгарэтамі склалі амаль 15 тыс. еўра
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь паднялася на трэцяе месца па росце цэн з пачатку 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства



