Прэзідэнт Літвы прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць праз залёты ў краіну аэрастатаў

26 кастрычніка, Позірк. Меры рэагавання на масавыя залёты ў краіну з Беларусі кантрабандных паветраных шароў прапанаваў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, паведамляе партал Delfi.
“Урад павінен прапанаваць гэтыя метады рэагавання ў бліжэйшыя дні. Сярод варыянтаў, якія неабходна разгледзець, — доўгатэрміновае закрыццё мяжы з Беларуссю і абмежаванне транзіту ў Калінінград”, — гаворыцца ў каментары адміністрацыі Наўседы, прадстаўленым агенцтву Elta.
Адзначаецца, што рэгулярныя інцыдэнты з метэазондамі “справакаваныя асобамі, якія дзейнічаюць на беларускім баку”, яны “ўяўляюць сабой гібрыдную атаку, накіраваную супраць Літвы”.
“Прэзідэнт расцэньвае інцыдэнты і перабоі ў працы аэрапортаў, якія адбыліся ў апошнія дні, як гібрыдную атаку супраць Літвы, на якую неабходна рэагаваць як сіметрычна, так і асіметрычна”, — удакладняецца ў каментарыі.
Паведамляецца, што 28 кастрычніка Наўседа правядзе “міжведамасную нараду з нагоды інцыдэнтаў з метэазондамі, якія паўтараюцца”.
Раней 26 кастрычніка прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене анансавала пасяджэнне камісіі па нацыянальнай бяспецы, па выніках якога ў панядзелак будуць прапанаваныя “канкрэтныя рашэнні” па сітуацыі з аэрастатамі.
Увечары 25 кастрычніка праз залёт аэрастатаў з Беларусі Літва закрыла мяжу з Беларуссю і прыпыніла працу аэрапорта ў Вільнюсе. Уначы абмежаванні былі знятыя.
Паведамлялася, што праз прыпыненне працы аэрапорта “пацярпела каля 3.500 пасажыраў, 25 рэйсаў былі скасаваныя, 4 перанакіраваныя, а 14 пацярпелі”.
Раней на гэтым тыдні праца літоўскіх аэрапортаў двойчы прыпынялася праз аэрастаты, што ляцелі з тэрыторыі Беларусі — такія, якія апошнім часам выкарыстоўваюць кантрабандысты для незаконнага транспартавання цыгарэт.
Першы выпадак здарыўся ў ноч на 22 кастрычніка. Праз аэрастаты ў аэрапорце Вільнюса затрымалі або скасавалі восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да 9 гадзін раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая. Пра перспектывы закрыцця мяжы “на больш працяглы тэрмін” заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.
Праз чарговы прылёт шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. З’яўленне аэрастатаў парушыла працу аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).
На гэтым фоне Ругінене анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.
25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыла паверанаму ў справах Беларусі “строгую ноту пратэсту”, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці”.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”. Паводле яе слоў, рэжым “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”; грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.
Палітык падтрымала “крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды”, але заклікала “пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь паднялася на трэцяе месца па росце цэн з пачатку 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка



