Мінск 02:46

“Мінсктранс” адмяняе рэйсы ў Вільнюс, Каўнас і Рыгу

Фота: tv3.lt

27 кастрычніка, Позірк. У сувязі з абмежаваннем руху праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы дзяржаўнае прадпрыемства “Мінсктранс” паведаміла аб адмене рэйсаў па некалькіх міжнародных маршрутах.

27 кастрычніка адмяняюцца рэйсы: Мінск — Рыга (адпраўленнем у 22:00, час мясцовы); Мінск — Каўнас (23:30); Вільнюс — Мінск (14:00); Каўнас — Мінск (13:50, 16:00, 17:30, з Вільнюса адпаведна — 16:00, 18:30, 20:30); Рыга — Мінск (22:00).

28 кастрычніка: Мінск — Вільнюс (04:30, 08:30); Мінск — Каўнас (07:30, 11:00, 23:30); Мінск — Рыга (22:00); Вільнюс — Мінск (14:00); Каўнас — Мінск (13:50, 16:00, 17:30, з Вільнюса адпаведна — 16:00, 18:30, 20:30); Рыга — Мінск (22.00).

Паведамляецца таксама аб адмене рэйса 29 кастрычніка Мінск — Вільнюс адпраўленнем у 04:30.

“Пасажырам будзе забяспечана вяртанне поўнага кошту квіткоў за нявыкананыя рэйсы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене пасля пасяджэння Камісіі па нацыянальнай бяспецы, якое адбылося 27 кастрычніка, заявіла, што ў сувязі з масавымі залётамі метэазондаў з тэрыторыі Беларусі ўрад балтыйскай дзяржавы падрыхтаваў праект рашэння аб закрыцці мяжы “на нявызначаны тэрмін”.

Паводле яе слоў, у рашэнні прадугледжаныя выключэнні: “Гэта азначае, што дыпламаты і дыпламатычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЕС таксама змогуць уязджаць да нас з Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэнне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сігнал Беларусі і кажам, што не пацерпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спынення падобных нападаў”.

Агенцтва BNS пазней удакладніла, што, паводле слоў Ругінене, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ) падоўжыць да 29 кастрычніка рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю. Першапачатковае рашэнне ведамства прыняло ўвечары 26 кастрычніка на 24 гадзіны.

“Мяжа будзе закрытая, а калі казаць пра транзіт, які ажыццяўляецца праз беларускую мяжу (у Калінінградскую вобласць РФ. — Позірк.), я кажу пра грузавікі, то мяжа будзе закрытая цяпер ужо на нявызначаны тэрмін”, — сказала прэм’ер.

САДМ 27 кастрычніка паведаміла, што пункт пропуску Шальчынінкай цалкам зачынены, праз Мядзінінкай прапускаюць“некаторыя катэгорыі асоб”.

Мінулай ноччу з-за залёту аэрастатаў у чацвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільнюсе. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.

Раней прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заклікала Літву пакінуць межы адкрытымі для пасажырскіх перавозак.

Падзяліцца: