Мінск 23:46

Для абароны ад метэазондаў Літва будзе выкарыстоўваць агнявыя каманды, абапіраючыся на досвед Украіны

Ілюстрацыя: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

28 кастрычніка, Позірк. У 2026 годзе ў Літве пачнуць дзейнічаць агнявыя каманды па абароне стратэгічных аб’ектаў, заявіў начальнік Службы грамадскай бяспекі (СГБ) Віктарас Грабаўскас, якога цытуе партал Delfi.

Грабаўскас паведаміў, што канцэпцыя ўжо распрацоўваецца. Агневыя каманды будуць, “можа быць, не зусім такія, якія нам трэба, але ў нас будуць гэтыя агнявыя каманды з адпаведнымі кінетычнымі сродкамі”, зазначыў ён.

Паводле слоў кіраўніка службы, СГБ прапрацоўвае канцэпцыю сумесна з іншымі ведамствамі, абапіраючыся на досвед працы адпаведных каманд ва Украіне.

Грабаўскас паведаміў, што ў цяперашні час супрацоўнікі СГБ, якія ахоўваюць стратэгічныя аб’екты, маюць пэўныя сродкі для нейтралізацыі зондаў, аднак для гэтага яны павінны знаходзіцца на пэўнай вышыні. “Калі зонды накіроўваюцца канкрэтна да нашага аб’екта, то, вядома, там меншая хуткасць, там меншая вышыня, так што ў нас, безумоўна, ёсць пэўныя кінетычныя сродкі“, — сказаў ён.

Увечары 26 кастрычніка Літва на нявызначаны тэрмін закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Гэта было зроблена ў адказ на масавы залёт на тэрыторыю краіны з Беларусі аэрастатаў, як мяркуецца, з кантрабанднымі цыгарэтамі. Праз гэта чатыры разы прыпыняў працу аэрапорт у Вільнюсе, затрымліваліся і адмяняліся авіярэйсы, пацярпелі тысячы пасажыраў.

27 кастрычніка Літва выказала чарговы рашучы пратэст Беларусі ў сувязі са пастаяннымі парушэннямі паветранай прасторы гэтай балтыйскай дзяржавы.

Беларускае МЗС уручыла ноту часоваму паверанаму ў справах Літвы Эрыкасу Вілканецасу ў сувязі з “аднабаковым закрыццём Літвой мяжы без апавяшчэння”.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў і заявіў, што метэазонды “не з’яўляюцца сродкам кантрабанды”, а “толькі падтэкст або сродак для гібрыднай атакі супраць Літвы”.

28 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё Літвой мяжы “вар’яцкай афёрай”.

Падзяліцца: