ЗША і шэраг краін Еўропы падтрымалі рашэнне Літвы закрыць мяжу з Беларуссю

29 кастрычніка, Позірк. Салідарнасць з Літвой у сувязі з закрыццём мяжы з Беларуссю выказалі ЗША і шэраг краін Еўропы.
Прадстаўнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл, які ўваходзіць у групу перамоўшчыкаў з беларускімі ўладамі, пасля сустрэчы 28 кастрычніка з амбасадарам Літвы ў Вашынгтоне Гедымінасам Варвуолісам напісаў у сацсетцы Х (“Твітар“), што ясна даў зразумець: ЗША салідарныя з Літвой у сувязі з нядаўнімі інцыдэнтамі з паветранымі шарамі. “Беларусь павінна прадухіліць падобныя інцыдэнты ў будучыні”, — падкрэсліў палітык.
Албанія выказвае поўную салідарнасць з Літвой у сувязі з нядаўнімі “гібрыднымі нападамі” на яе паветраную прастору, якія паставілі пад пагрозу грамадзянскую авіяцыю, адзначыла міністр Еўропы і замежных спраў балканскай дзяржавы Эліса Спірапалі. “Мы рашуча асуджаем гэтыя безадказныя дзеянні і разам са сваімі хаўруснікамі захоўваем рашучасць абараняць нашы межы і калектыўную бяспеку“, — напісала палітык.
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна падкрэсліў, што яго краіна цалкам падтрымлівае Літву пасля ўварванняў у яе паветраную прастору з боку Беларусі, якія прывялі да сур’ёзных збояў у працы грамадзянскай авіяцыі. Ён мяркуе, што варта абараніць межы, увесці санкцыі за гэтыя “гібрыдныя дзеянні“ Беларусі і гарантаваць, што гэтыя дзеянні не будуць мець поспеху.
Поўную салідарнасць з Літвой у дачыненні да наўмысных дзеянняў Беларусі выказала міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ. Яна падкрэсліла, што рэгулярныя “гібрыдныя дзеянні” супраць краін ЕС з’яўляюцца часткай стратэгіі Расіі і яе марыянеткі Беларусі па выкліку бяспецы і яе падрыве. Выкрыццё гэтых дзеянняў і рашучыя дзеянні — правільны адказ, лічыць Бражэ.
Міністр замежных спраў Паўночнай Македоніі, якая, як і Албанія, з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС, Цімча Муцунскі асудзіў “гібрыдныя атакі” з боку Беларусі. Ён заявіў аб рашучасці абараняць агульныя для ЕС каштоўнасці, межы і калектыўную бяспеку.
Сістэматычнасць правакацыйных дзеянняў Беларусі супраць ЕС і яго дзяржаў-членаў падкрэсліла міністр замежных спраў Румыніі Аана Цою. “Гэтыя дзеянні падрываюць рэгіянальную бяспеку, ужо закранутую незаконнай агрэсіўнай вайной Расеі супраць Украіны і яе пастаяннай гібрыднай дзейнасцю супраць краін ЕС. Гэтыя дзеянні павінны быць спыненыя. Мы працягнем дзейнічаць на нацыянальным узроўні, на ўзроўні ЕС і ў якасці саюзнікаў, каб забяспечыць бяспеку нашых краін і нашых грамадзян“, — напісала кіраўнік румынскай дыпламатыі.
27 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін. Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) не працуе, праз Мядзінінкай (Каменны Лог) прапускаюць “некаторыя катэгорыі асоб”. Праехаць могуць дыпламаты; вярнуцца ў Літву могуць грамадзяне ЕС і ўладальнікі літоўскага дазволу на жыхарства.
Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Упершыню мяжа была зачыненая ў ноч на 22 кастрычніка. З-за аэрастатаў у аэрапорце Вільнюсе было затрымана альбо скасавана восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкайі Шальчынінкай. У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручаная нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыў паверанаму ў справах Беларусі яшчэ адну “строгую ноту пратэсту“, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці“.
27 кастрычніка МЗС Беларусі ўручыў ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Літвы ў Беларусі Эрыкасу Вілканецасу “ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыццём мяжы, ажыццёўленым без якога-небудзь папярэдняга паведамлення”.
“Дадзенае рашэнне, якое закранула правы не толькі грамадзян Беларусі, але і грамадзян Літвы, а таксама грамадзян Еўрапейскага Саюза і іншых дзяржаў, наглядна дэманструе грэбаванне Вільнюсам фундаментальнымі прынцыпамі свабоды перамяшчэння — адной з асноватворных каштоўнасцяў Шэнгенскай прасторы і Еўрапейскага саюза ў цэлым“, — заявіла знешнепалітычнае ведамства.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы“.
28 кастрычніка Лукашэнка назваў рашэнне Літвы закрыць мяжу”вар’яцкай афёрай”. “Нават для такой дробнай краіны, як Літва, гэта дробна”, — сказаў прамоўца.
Цяпер ад Мінска “патрабуюць выбачэнняў” за запуск метэазондаў на тэрыторыю Літвы, адзначыў ён. “Ведаеце, калі вінаваты, трэба заўсёды прасіць прабачэння. І калі мы будзем перакананыя ў тым, што мы вінаватыя, нас пераканаюць у гэтым, мы публічна гатовыя гэта абмяркоўваць, мы выбачымся, гэта дакладна“, — дадаў Лукашэнка.
Разам з тым, заявіў ён, літоўскі бок павінен разабрацца з гэтым на сваёй тэрыторыі: “Калі туды ляцяць нейкія шарыкі паветраныя з цыгарэтамі ці яшчэ з чымсьці, я мяркую, што трэба вырашаць гэтае пытанне там. Яны ж не проста паляцелі невядома куды. Іх хтосьці там прыняў або прымае, хтосьці ў гэтым зацікаўлены. Трэба знайсці і ў корані спыніць падобныя рэчы”.
Паводле слоў прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, заяўленая Лукашэнкам гатоўнасць папрасіць прабачэння за кантрабанду кажа пра тое, што “рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску на нявызначаны тэрмін правільнае“. “Сённяшні зварот Аляксандра Лукашэнкі і яго спроба папрасіць прабачэння — відавочная прыкмета таго, што гэта балюча, што на гэта рэагуюць“, — сказаў Наўседа.
- ГрамадстваУ Беларусі больш чым у 30 тыс. чалавек дыягнаставаны псарыязМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 29 кастрычніка — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаМядзельскі райвыканкам прапануе размяркоўваць на месцы збор з наведвальнікаў Нацыянальнага парку "Нарачанскі", а не праз рэспубліканскі бюджэт (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства

