Мінск 01:48

У МЗС далі зразумець, што беларускія ўлады могуць не адкрыць мяжу пасля адпаведных рашэнняў Варшавы і Вільнюса

Фота: МЗС Беларусі

31 кастрычніка, Позірк. Калі на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі ЕС адновяць працу пункты пропуску, вырашаць не прэм’ер-міністрам Польшчы і Літвы, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Руслан Варанкоў.

Паводле яго слоў, якія перадае ТАСС, адкрыццё памежных пераходаў магчыма толькі пасля “двухбаковай падрыхтоўкі”.

“Аднаўленне функцыянавання пунктаў пропуску не можа і не будзе рэгулявацца аднабаковымі рашэннямі”, — сказаў ён.

“Мяжа — гэта складаная інжынерна-тэхнічная і арганізацыйная сістэма, любыя змены ў рэжыме яе працы патрабуюць поўнавартаснай двухбаковай падрыхтоўкі”, — адзначыў Варанкоў.

Мінск пагодзіцца на адкрыццё мяжы “тады і толькі тады, калі будзе цалкам гатовы да гэтага інфраструктурна, кадрава і, што найбольш важна, у сферы бяспекі”, — дадаў прадстаўнік МЗС.

“Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць паслядоўнасці ў дзеяннях нашых заходніх суседзяў: абвешчаныя тэрміны пастаянна пераносяцца, а само прынцыповае рашэнне пераглядаецца, — падкрэсліў Варанкоў. — Грамадзяне і бізнес не могуць станавіцца закладнікамі сітуацый, калі рашэнні пра закрыццё мяжы прымаюцца па-за прававымі рамкамі і без папярэдняга паведамлення”.

Такім чынам, прэс-сакратар ведамства даў зразумець, што Мінск можа не адкрыць пункты пропуску на мяжы з Польшчай і Літвой пасля адпаведных рашэнняў Варшавы і Вільнюса.

У цяперашні час паміж Польшчай і Беларуссю дзейнічае толькі адзін пункт пропуску — Брэст (з сумежнага боку — Цярэспаль).

Як паведамлялася, Польшча плануе адкрыць “прыкладна ў сярэдзіне лістапада” раней закрытыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Паводле слоў прэс-сакратара польскага ўрада Адама Шлапкі, адпаведная дамоўленасць дасягнутая паміж прэм’ер-міністрамі Польшчы і Літвы Дональдам Тускам і Інгай Ругінене.

Раней Ругінене заявіла, што Варшава “абавязкова скаардынуе” з Вільнюсам свае планы адкрыць два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

30 кастрычніка міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю адкладзена на некалькі тыдняў.

“Мы зрабілі б гэта значна раней, калі б свае пераходы з Беларуссю не закрыла Літва. Літоўцы — нашы партнёры, мы з імі ў кантакце”, — сказаў Кервіньскі ў эфіры Polskie Radio.

Аб плануемым адкрыцці памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю заявіў 28 кастрычніка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Гаворка пра пункт пропуску Баброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца), які быў закрыты ў лютым 2023 года пасля асуджэння актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, і пераход Кузніца (Брузгі), закрыты ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс.

Туск адзначыў, што адкрыццё двух памежных пераходаў, запланаванае на пачатак лістапада, стане “пробным” рашэннем. “Калі высветліцца, што па нейкай прычыне <…> мяжу неабходна закрыць, я не буду вагацца ні хвіліны”, — дадаў ён, патлумачыўшы, што ідзецца пра патэнцыйныя праблемы бяспекі.

Усе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрыты на працягу месяца — такое рашэнне прынята на пасяджэнні ўрада балтыйскай краіны 29 кастрычніка. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 24:00 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.

Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца закрытым цалкам. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) захоўваюцца выключэнні.

Познім вечарам 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін, такім чынам, цяпер тэрмін падоўжаны да канца восені.

Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Упершыню мяжа была закрыта ў ноч на 22 кастрычніка. Праз аэрастаты у аэрапорце Вільнюса былі затрыманыя або адмененыя восем рэйсаў. Пазней аэрапорт у літоўскай сталіцы яшчэ тройчы прыпыняў працу праз масавы залёт ў краіну з Беларусі метэазондаў з кантрабандай.

Падзяліцца: