Мінск 16:36

Затрымка адпраўлення пасажыраў “Мінсктранса” з Варшавы дасягае паўсутак

Памежны пераход Брэст/Цярэспаль
Архіўная ілюстрацыя: ДПК

2 лістапада, Позірк. Паўсутак дасягае затрымка выезду пасажыраў “Мінсктранса” з Варшавы ў беларускую сталіцу, вынікае з паведамленняў перавозчыка.

Каля 2 гадзін ночы 2 лістапада пасажырам было абвешчана, што ў 4:30 (6:30 па мінскім часе) адправіцца аўтобус, на пасадку ў які першачарговае права маюць пасажыры з квіткамі на 16:30 (18:30) папярэдняга дня, затым — з квіткамі на 21:00 (23:00) і “пры наяўнасці свабодных месцаў” — пасажыры з квіткамі на 23:00 (1:00).

У 7 гадзін 2 лістапада “Мінсктранс” паведаміў пра рэйс з Варшавы ў 9:30 (11:30). Першачарговае права сесці ў аўтобус маюць пасажыры з квіткамі на 21:00 (23:00), затым — з квіткамі на 23:00 (1:00) і пры наяўнасці свабодных месцаў — з квіткамі на 7:00 (9:00).

Увечары 1 лістапада перавозчык праінфармаваў аб пераносе часу адпраўлення аўтобуса Мюнхен — Мінск з 13:00 (15:00) на 22:00 (0:00) 2 лістапада.

Аўтобус Варшава — Мінск часам адпраўлення 12:00 (14:00) 1 лістапада выехаў своечасова.

Пасля закрыцця Літвой мяжы з Беларуссю (пакуль з 26 кастрычніка па 30 лістапада), а таксама ў сувязі са школьнымі канікуламі чэргі на беларуска-польскай мяжы прыкметна ўзраслі. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, а 8 гадзіне 2 лістапада выезду ў Польшчу праз переход Брэст чакала 97 аўтобусаў і 2.050 легкавых аўтамабіляў. На пачатку сутак 1 лістапада было 71 аўтобус і 1.590 легкавых аўтамабіляў.

Паводле інфармацыі польскай памежнай службы на 4 гадзіны (6 гадзін паводле мінскага часу), чэргаў аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў на выезд у Беларусь не было.

Падзяліцца: