Мінск 21:01

Беларусь не выканала рэкамендацыі папярэдняга цыклу ўніверсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека — праваабаронцы

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

4 лістапада, Позірк. Беларусь не выканала рэкамендацыі, атрыманыя ў трэцім цыкле ўніверсальнага перыядычнага агляду (УПА), які краіна праходзіла ў межах Савета ААН па правах чалавека ў 2020 годзе, паведаміла 4 лістапада ў сваім канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Спаслаўшыся на сумесны даклад 14 праваабарончых арганізацый, абнародаваны Беларускім Хельсінкскім камітэтам, палітык падкрэсліла: з 266 згаданых рэкамендацый цалкам выкананыя толькі дзве, часткова — 24.

“Узровень рэпрэсій у Беларусі застаецца вельмі высокім: [за кратамі] у краіне па-ранейшаму ўтрымліваецца больш за 1.200 чалавек. Адсутнічае свабода слова і сходаў, грамадзянская супольнасць унутры краіны знішчана. Аднак радуе, што краіны ЕС і іншыя дэмакратычныя дзяржавы дэманструюць падтрымку дэмакратычнага руху і не дазваляюць прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі ўводзіць міжнародную супольнасць у зман”, — заявіў дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў па выніках чацвёртага цыклу УПА па правах чалавека ў Беларусі, які адбыўся 3 лістапада ў Жэневе (Швейцарыя).

Як адзначаў “Позірк”, шэраг дэлегацый падчас слуханняў у Жэневе 3 лістапада выказаў занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне.

Выступоўцы запатрабавалі, у прыватнасці, вызваліць палітвязняў і забяспечыць іх поўную рэабілітацыю, забяспечыць перагляд “антыэкстрэмісцкае” заканадаўства, спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, правесці свабодныя выбары, забяспечыць свабоду СМІ і грамадскіх арганізацый, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і ажыццявіць іншыя дэмакратычныя пераўтварэнні.

Такія тэзісы гучалі ў выступах дэлегацый большасці краін ЕС (прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі і Славакіі ў дэбатах не ўдзельнічалі), а таксама Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Ісландыі, Канады, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Украіны, Эквадора і іншых.

Дэлегацыі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін патрабавалі таксама спынення міграцыйнага крызісу.

У некаторых выступах утрымліваліся заклікі да ўладаў перагледзець заканадаўства, якое абмяжоўвае дзейнасць супольнасці ЛГБТК+, спыніць пераслед беларускага духавенства і вернікаў, а таксама запалохванне грамадзян унутры краіны і за мяжой, забяспечыць інклюзіўны дыялог з палітычнай апазіцыяй.

Шэраг дэлегацый заклікаў Беларусь аднавіць удзел у факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Агулам у дэбатах прынялі ўдзел больш за 100 дэлегацый. Выступы большай часткі мелі нейтральны характар, некаторыя адзначалі пэўны “прагрэс”, дасягнуты, на іх думку, Беларуссю за пяць гадоў пасля праходжання трэцяга цыклу УПА.

Падчас дэбатаў прадстаўнікам афіцыйнага Мінска была прадстаўлена магчымасць выступіць з каментарыямі. Ёю скарысталіся ўсе члены дэлегацыі, спрабуючы абвергнуць абвінавачанні ў парушэннях правоў чалавека, агучаныя ў адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Працоўная група па УПА плануе прыняць рэкамендацыі, вынесеныя Беларусі, 14 лістапада 2025 года, абнародаваць іх 21 лістапада. Іх папярэдняя версія, як было заяўлена на пасяджэнні, з’явіцца ў другой палове дня 5 лістапада.

Падзяліцца: