Мінск 13:14

За тыдзень на падставе бязвізу ў Беларусь уехала 2.215 грамадзян еўрапейскіх краін

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

10 лістапада, Позірк. З 3 па 10 лістапада ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 2.215 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 2.284), сведчыць праведзены “Позірк” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У прыватнасці, грамадзян Літвы прыбыло 312 (246), грамадзян і неграмадзян Латвіі — 879 (922), грамадзян Польшчы — 743 (726), іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу — 281 (390).

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.230.807 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 395.547 замежнікаў, з Літвы — 655.333, з Польшчы — 126.640. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехала 53.287 замежных грамадзян.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на ​​гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

28 кастрычніка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Баброўнікі (Бераставіца; закрыты ў лютым 2023 года пасля асуджэння актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута) і Кузніца (Брузгі; закрыты ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс).

Аднак праз некалькі дзён, 30 кастрычніка, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што Варшава адклала адкрыццё гэтых пагранпераходаў на некалькі тыдняў.

Падзяліцца: