Мінск 04:44

Літоўскія грузавікі будуць змешчаныя на стаянкі ля пунктаў Каменны Лог, Бераставіца, Беняконі і Катлоўка — ДМК

Ілюстрацыйнае фота: ДМК

10 лістапада, Позірк. Больш за 1.100 фур з рэгістрацыйнымі нумарамі Літвы, якія чакалі выезду ўздоўж дарог, што вядуць да закрытых Вільнюсам пунктаў пропуску, будуць змешчаныя на стаянкі паблізу пунктаў Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай), Беняконі (Шальчынінкай), Катлоўка (Лаварышкес), Бераставіца (з польскага боку — Баброўнікі), паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

Адзначаецца, што рашэнне прынятае для “выключэння небяспечных умоў на пад’язных аўтадарогах да закрытых літоўскім бокам пунктаў пропуску”.

“З 9:00 10 лістапада рух літоўскіх грузавікоў спынены ў абодвух напрамках беларуска-літоўскай мяжы, — гаворыцца ў паведамленні. — Калі Літва працягне недружалюбную палітыку, беларускі бок мае права прыняць у дачыненні да гэтых транспартных сродкаў прадугледжаныя заканадаўствам меры. Фуры змогуць пакінуць стаянкі, але толькі пасля аднаўлення літоўскім бокам руху праз беларуска-літоўскі ўчастак мяжы”.

Ранкам 10 лістапада МЗС паведаміла, што для гарантавання бяспекі і захаванасці транспарту Беларусь перамяшчае літоўскія грузавікі “на адмыслова абсталяваныя стаянкі ля пункта Катлоўка”. Пры гэтым было заяўлена, што кіроўцам “дадзеная магчымасць пакінуць тэрыторыю Беларусі і вярнуцца да месца пастаяннага пражывання да аднаўлення працы мяжы літоўскім бокам”.

Следам Дзяржпагранкамітэт заявіў, што з 9:00 10 лістапада “выпуск транспарту з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі з беларускіх пунктаў пропуску на выезд з Рэспублікі Беларусь часова прыпыняецца”.

Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на ​​гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.

7 лістапада Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні ў дачыненні да дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”.

На фоне адмовы Беларусі прапусціць літоўскія фуры ў тым ліку праз “эвакуацыйны калідор”, які Вільнюс гатовы арганізаваць у пункце Шальчынінкай, дарадца літоўскага прэм’ера Ігнас Дабравольскас заявіў, што “па меры далейшай эскалацыі сітуацыі” не выключаныя “доўгатэрміновыя абмежаванні на перавозку беларускіх тавараў па чыгунцы” праз Літву. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “на гэты час пра гэта пакуль не вядуцца размовы”.

Падзяліцца: