Літва адкрые мяжу з Беларуссю, калі Лукашэнка перастане ствараць пагрозу НАТО — кіраўнік МЗС Літвы

12 лістапада, Позірк. Літоўска-беларуская мяжа будзе адкрытая, калі Аляксандр Лукашэнка перастане перашкаджаць паветранаму руху ў Літве, а таксама ствараць пагрозу НАТО і Еўрасаюзу, заявіў 12 лістапада ў эфіры радыё LRT міністр замежных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы Кястуціс Будрыс.
“Лукашэнка бярэ ў закладнікі [літоўскія грузавікі] і спрабуе павярнуць усю сітуацыю ў нейкі ўяўны канфлікт, які патрабуе перамоў, — гэта інфармацыя, якая ўводзіць у зман, — сказаў міністр. — Сутнасць у тым, што распачатая гібрыдная атака. Як мы будзем вырашаць гэтую сітуацыю? <…> Рэжым павінен кантраляваць сітуацыю з метэаралагічнымі шарамі, больш не перашкаджаць нашаму паветранаму руху, і тады ў нас не застанецца прычын трымаць пункты пропуску закрытымі. Рэжым вырашыў працягваць эскалацыю і браць у закладнікі маёмасць нашых кампаній, <…> такім чынам павялічваючы напружанне. Мы не мусім паддавацца і губляць фокус”.
Паводле слоў Будрыса, мяжа можа быць адкрытая, калі Беларусь, якая цяпер нічога не робіць з транспартаваннем у Літву кантрабанды з дапамогай шароў, перастане эскалаваць сітуацыю “да ліміту гарачай фазы”.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі адзначыў, што пра сітуацыю з Беларуссю інфармаваная і актыўна ўцягнутая адміністрацыя ЗША, для якой, як ён спадзяецца, гэтае пытанне будзе адным з прыярытэтных.
Міністр падкрэсліў, што Літва мае спіс захадаў, якімі можна адказаць на эскалацыю з боку рэжыму Лукашэнкі.
Агенцтва BNS паведаміла, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы 10 лістапада звярнулася ў “адпаведны беларускі орган” з просьбай дазволіць літоўскім грузавікам вярнуцца праз пункты пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай (з боку Беларусі — Каменны Лог і Беняконі адпаведна). Міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч 11 лістапада заявіў, што адказу пакуль няма.
У сваю чаргу Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў Linava патрабуе як мага хутчэй распачаць “мінімальны дыпламатычны дыялог” з Мінскам, адкрыць хаця б адзін пункт пропуску, гарантаваць бяспеку і эвакуацыю перавозчыкаў, падрыхтаваць захады па кампенсацыі стратаў. Паводле слоў віцэ-прэзідэнта асацыяцыі Алега Тарасава, грузаперавозчыкі не мелі адэкватнай магчымасці падрыхтавацца да закрыцця мяжы з Беларуссю. Цяпер ім трэба плаціць за кожны грузавік, які захраснуў у Беларусі, па 120 еўра на дзень.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене назвала абурэнне перавозчыкаў з-за грузавікоў, якія захраслі ў Беларусі, несумленным і празмерна эмацыйным. Паводле яе слоў, улічваючы напружаныя стасункі з РФ і Беларуссю, да такіх сітуацый можна было падрыхтавацца загадзя.
“Мы нічога не хаваем, мы казалі пра гэта адкрыта, і таму цяпер такі празмерна эмацыйны фон сярод перавозчыкаў крыху несумленны, таму што мы папярэджвалі і казалі, што трэба да гэтага рыхтавацца, — сказала яна. — Калі існуе напружаная сітуацыя паміж намі і Беларуссю і Расіяй, мы распачнём усе дзеянні для гарантавання бяспекі нашых грамадзян у Літве”.
Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідкі цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі захрасла больш за 1.100 літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю праз “эвакуацыйны калідор”, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.
Пакуль сітуацыя не вырашаная, беларускія ўлады распарадзіліся змясціць літоўскія грузавікі на стаянкі ля пунктаў пропуску і арганізаваць ахову транспарта — платную. Пры гэтым кіроўцы вольныя вярнуцца ў Літву.
11 лістапада Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову арганізаваць перамовы па пытаннях “нармалізацыі сітуацыі і аднаўлення паўнавартаснага функцыянавання пунктаў пропуску” на беларуска-літоўскай мяжы.

- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь на 2-м месцы ў ЕАЭС паводле росту цэн на сельгаспрадукцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаПродажы "БелДжы" на рынку РФ за дзесяць месяцаў выраслі на 74,2% у гадавым вымярэнні — верагодна, дзякуючы дэмпінгуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаНа кожнага беларуса прыпадае больш за 433 кг смецця на год — МінжылкамгасМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы ад пачатку года падаражэлі на 14,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 12 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства

