Мінск 00:59

Офіс Ціханоўскай накіраваў запыт ва ўрадавыя структуры Партугаліі ў сувязі са зняццем часовай абароны з беларусаў, якія прыехалі з Украіны

Святлана Ціханоўская на Web Summit 2025 у Лісабоне са сваімі дарадцамі Дзянісам Кучынскім (злева) і Франакам Вячоркам
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

12 лістапада, Позірк. Офіс Святланы Ціханоўскай накіраваў запыт ва ўрадавыя структуры Партугаліі ў сувязі са зняццем часовай абароны з беларусаў, якія прыехалі туды з Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі. Гэта было зроблена пасля сустрэчы Ціханоўскай з дыяспарай, у тым ліку прадстаўнікамі ІТ-сектара, паведаміла прэс-служба дэмакратычнага лідара.

Яна наведала Партугалію 10 і 11 лістапада, праграма ўключала ўдзел у канферэнцыі Web Summit 2025.

Мясцовыя ўлады запатрабавалі ад гэтай катэгорыі беларусаў пакінуць краіну на працягу 20 дзён. Аднак, як адзначалася на сустрэчы, многія з тых, хто прыехаў з Украіны, эмігравалі туды ў сувязі з пераследам або яго пагрозай пасля масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, таму дэпартацыя або вяртанне ў Беларусь небяспечныя для палітычных уцекачоў.

Сярод іншых праблем, якія былі ўзнятыя на сустрэчы і знайшлі адлюстраванне ў запыце: складанасці з атрыманнем і падаўжэннем пашпартоў замежніка; патрабаванне немагчымых для афармлення дакументаў з Беларусі (даведка пра несудзімасць, сведчанні з апастылем); адсутнасць дакументаў у дзяцей, народжаных у Партугаліі, бо бацькі не могуць атрымаць для іх беларускія пашпарты.

Падчас візіту ў Партугалію Ціханоўская сустрэлася з камісарам Савета Еўропы па правах чалавека Майклам О’Флаерці, віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі па пытаннях тэхналагічнага суверэнітэту, бяспекі і дэмакратыі Хеннай Марыяй Віркунен, з прадстаўнікамі бігтэх-кампаній.

На сустрэчы з О’Флаерці абмеркаваныя пытанні працы Кантактнай групы Савета Еўропы па Беларусі, “супольныя ініцыятывы па палітвязнях”, а таксама шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці. Асобна закранутая роля рэжыму Лукашэнкі ў трыбунале па агрэсіі супраць Украіны, які ініцыяваў Савет Еўропы разам з Украінай.

Ціханоўская “распавяла пра прагрэс у рэалізацыі Люксембурскіх рашэнняў па вырашэнні праблемаў беларусаў за мяжой і папрасіла камісара звярнуць асаблівую ўвагу на пераслед беларусаў у выгнанні”.

Дэмлідар падкрэсліла “важнасць захавання дапамогі беларускім актывістам і журналістам, выдачы гуманітарных візаў і падтрымкі механізмаў тэрміновай рэлакацыі”.

Ціханоўская перадала камісару інфармацыю пра палітвязняў, у тым ліку пра тых, хто застаецца ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада), распавяла пра лёс Мікалая Статкевіча, ад якога няма звестак пасля 11 верасня, калі ён адмовіўся пакідаць Беларусь пасля памілавання і, найбольш верагодна, вернуты ў калонію. Адзначаны “прагрэс гуманітарнага трэку” дзеля вызвалення палітвязняў разам са Злучанымі Штатамі.

Палітык падкрэсліла, што для дэмакратычных сілаў Беларусі ўключэнне краіны ў Савет Еўропы “з’яўляецца прыярытэтам”.

У сустрэчы Ціханоўскай з Віркунен бралі ўдзел кіраўнік місіі дэмакратычных сілаў у Мадрыдзе і Imaguru Hub Таццяна Марыніч і заснавальнік пляцоўкі Svae, распрацоўшчык платформы “Голас” Павел Лібер. Бакі абмеркавалі падтрымку беларускіх IT-кампаній, якія працуюць на тэрыторыі Еўрасаюза, удзел у праграмах Еўракамісіі для тэхналагічнага сектара — у тым ліку ў сферы грамадзянскай бяспекі і абароны, арганізацыю хакатонаў і канферэнцый, дапамогу медыяініцыятывам і праектам па барацьбе з дэзінфармацыяй.

Абмяркоўвалася магчымасць удзелу беларускіх кампаній у ініцыятыве European Democracy Shield, якая накіраваная на супрацьдзеянне расійскай і беларускай прапагандзе і выкарыстанне рэгіянальнага досведу ў абароне інфармацыйнай прасторы. Закранутыя праблемы легалізацыі беларускіх грамадзян, якія працуюць у IT-сектары ў ЕС.

Ціханоўская распавяла пра ролю беларускіх IT-кампаній і распрацоўшчыкаў у дэмакратызацыі Беларусі і стварэнні беларускіх супольнасцяў у выгнанні. Абмеркаванае супрацоўніцтва з буйнымі тэхналагічнымі кампаніямі, такімі як TikTok і Meta, дзеля падтрымкі беларускіх актывістаў і журналістаў.

Падзяліцца: