Украінскі аналітык: Трэба было вызнаваць, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй з 2020 года
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 13 лістапада 2025 года ў 12:04
12 лістапада, Позірк. Украінцы слаба разумеюць сітуацыю ў беларускім грамадстве, заявіў на экспертнай панелі “Інфармацыйнае поле і камунікацыя” ў межах IV беларуска-ўкраінскага Форуму Астрожскіх у Львове адзін з украінскіх аналітыкаў.
Яго імя публічна не раскрываецца, паколькі форум працуе ў фармаце Chatham House: можна распавядаць пра дыскусіі і выказванні, але без пазначэння крыніцы.
На названай панелі абмяркоўваліся шляхі ўзаемадзеяння медыясупольнасцяў дзвюх краін.
“У спробе патлумачыць сутнасць беларускай праблемы ўкраінскаму грамадству мы зазналі паразу, таму што ў нас саміх не было яе рэальнага разумення, — заявіў аналітык. — Розніца паміж Беларуссю і Расіяй у том, што Беларусь — акупаваная тэрыторыя, пазбаўленая дзяржаўнай суб’ектнасці. Калі б вы прызналі, што ў вас дзяржаўнасці як такой няма, прынамсі з 2020 года, <…> гэта інакш бы ўспрымалася ў свеце, інакш бы ўспрымалася ва Украіне, інакш бы ўспрымалася ў Злучаных Штатах”.
Ні ў каго тады б не было ілюзій, што Беларусь можна адарваць ад Расіі, а Расію — ад Кітаю, упэўнены аналітык.
На яго думку, у Беларусі адпрацаваная ідэальная мадэль знішчэння незалежных СМІ. “Спачатку гэта было зроблена ў Беларусі, праз некалькі год — у Расіі, цяпер такая пагроза існуе ва Украіне. Спачатку незалежныя СМІ ніхто не забараняе, але ў розны спосаб улады змяншаюць іх уплыў у параўнанні з падкантрольнымі ўладам крыніцамі інфармацыі. Потым адбываецца зачыстка медыйнага поля”, — апісаў механізм выступоўца.
“З гэтай агульнай пагрозай нам трэба змагацца разам. Я заўсёды лічыў, што аб’яднанне намаганняў на інфармацыйнай прасторы — вялікая рэч”, — сказаў ён.
На думку эксперта, трэба змагацца не за дэпалітызаваную частку грамадства, бо яна зазвычай аморфная, а за палітызаваную: “Мы павінны тлумачыць ёй, што рэальна адбываецца: ва ўкраіна-расійскай вайне, якая беларуская роля ў гэтай вайне, якія ёсць перспектывы ў выніку развіцця таго ці іншага напрамку падзей”.
Выступоўца выказаў меркаванне, што Украіна зараз не залежыць ад Беларусі, паколькі Беларусь не ёсць дзяржавай, ад якой можа нешта залежыць, але, калі Украіна страціць дзяржаўнасць, яе канчаткова страціць і Беларусь. Эксперт лічыць, што толькі захаванне ўкраінскай дзяржаўнасці дае шанс на канчатковы крах постсавецкай імперыі і ператварэнне Беларусі на дэмакратычную, еўрапейскую дзяржаву на ўсходзе Еўропы. “На краіну, якую мы бачылі ў 2020 годзе, калі мільёны вашых суайчыннікаў выходзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі”, — дадаў аналітык.
“Мы людзям павінны паказваць не толькі падзеі, якія мы арганізоўваем, а справы: палітычныя ініцыятывы, знішчэнне акупантаў, дыверсіі, полк Каліноўскага, пакуты людзей у турмах”, — лічыць ён.
Паводле слоў эксперта, калі вайна скончыцца сумна для Украіны, яна скончыцца сумна для ўсіх постсавецкіх рэспублік.
IV Форум Астрожскіх мае дзве часткі. Экспертная прайшла 11 і 12 лістапада ў Львове, палітычная запланаваная 14 і 15 лістапада ў Кіеве.
Арганізатары: “Украінская прызма”, Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, інстытут “Палітычная сфера” і інш. Падтрымка: Еўрапейская камісія, фонды Канрада Адэнауэра і Фрыдрыха Эберта.


- Грамадства
- ГрамадстваДамовы саюзнага страхавання транспартных сродкаў заключылі больш за 40 тыс. аўтаўладальнікаў — Мінфін (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКампартыя В'етнама кантралюе пытанне адкрыцця ў 2026 годзе лініі па зборцы трактароў МТЗ — ВальфовічМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва восьмы дзень не фіксуе спробаў незаконнага пераходу на сваю тэрыторыю з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 7 снежня 2025 года — 1 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства

