Мінск 21:55

Латушка абмеркаваў рэпрэсіі і санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі з прадстаўнікамі МЗС Латвіі і Польшчы

Павел Латушка (злева) і Юрыс Пойканс
Фота: АПК

13 лістапада, Позірк. Аб маштабных рэпрэсіях у Беларусі і важнасці працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, які не толькі не спыняе ўнутраныя рэпрэсіі, але і праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 13 лістапада на сустрэчы са спецыяльным амбасадарам МЗС Латвіі ў пытаннях аднаўлення Украіны Юрысам Пойкансам.

“Дыктатар павінен і надалей усведамляць адзіную і цвёрдую пазіцыю ЕС што да адсутнасці перспектыў зніжэння санкцыйнага ціску без рэальных крокаў для развязання глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі“, — адзначыў Латушка, якога цытуе прэс-служба АПК.

Кабінет паведаміў таксама пра сустрэчу Латушкі з намеснікам дырэктара Дэпартамента глабальнай палітыкі МЗС Польшчы Адамам Кшывасондскім. Беларускі палітык адзначыў, што ў рэжыму Лукашэнкі няма палітычнай волі мяняць сваю рэпрэсіўную палітыку. Латушка праінфармаваў прадстаўніка МЗС Польшчы аб актыўным пераследзе рэжымам беларусаў за мяжой.

Падчас сустрэчы “адбыўся прадметны аналіз і выкладанне пазіцый аб магчымым ужыванні міжнародна-прававых інструментаў адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і транснацыянальныя злачынствы супраць беларусаў за мяжой“.

Паведамляецца, што найбліжэйшым часам запланаваныя сустрэчы Латушкі са спецпрадстаўнікамі МЗС Латвіі і Эстоніі, адказнымі за супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі, а таксама з амбасадарам Даніі, якая старшынюе цяпер у Еўрасаюзе.

Гэтыя сустрэчы праходзяць у развіццё кансультацый, якія Латушка правёў з прадстаўнікамі МЗС Францыі, Германіі, Швецыі і Кіпра, які будзе старшынстваваць у ЕС з 1 студзеня 2026 года, а таксама з прадстаўнікамі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Падзяліцца: