Мінск 15:36

Шлях пашырэння ядзерных энергетычных магутнасцяў Беларусі, як і мэтазгоднасць гэтага кроку, яшчэ не вызначаныя

Архіўнае фота: прэс-служба Міністэрства энергетыкі

14 лістапада, Позірк. Шлях пашырэння ядзерных энергетычных магутнасцяў Беларусі, як і мэтазгоднасць самога гэтага кроку, яшчэ не вызначаныя, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі на профільнай нарадзе 14 лістапада ў Мінску.

Спікер, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, нагадаў, што прапрацаваць пытанне ўзвядзення другой атамнай электрастанцыі або будаўніцтва як мінімум аднаго дадатковага блока на БелАЭС было даручана ўраду.

“З прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным мы абмяркоўвалі нашу супрацу ў ядзернай энергетыцы падчас сустрэчы на ​​Сусветным атамным тыдні сёлета напрыканцы верасня, — сказаў Лукашэнка. — Разуменне і падтрымка з расійскага боку маюцца, чарга за намі. Мы перш за ўсё мусім вызначыцца, будзем або не будзем. Калі будзем, дык калі, дзе. Гэты цуд для Беларусі — атамная энергетыка”.

Паводле слоў Лукашэнкі, для будаўніцтва новага энергаблока БелАЭС маюцца ўсе ўмовы і адмыслоўцы — “пляцоўка для размяшчэння, вытворчая, тэхналагічная, сацыяльная інфраструктура”, а значыць “маецца магчымасць пабудаваць танней”. “І грунты там ужо даследаваныя ад А да Я, і там нічога ўжо не трэба даследаваць”, — заявіў ён.

Збудаванне другой АЭС — на ўсходзе Беларусі — запатрабуе “фінансавых укладанняў і арганізацыйных рашэнняў”, але дасць “магутны імпульс для развіцця ўсходняга рэгіёну”, лічыць Лукашэнка. “Таксама з мядзведжага кута ператворым усходні рэгіён у высокаразвітую тэрыторыю Беларусі. Гэта новыя працоўныя месцы, прыцягненне інвестыцый, рэалізацыя інавацыйных праектаў і ўкараненне новых тэхналогій”, — лічыць палітык.

Спікер звярнуў увагу, што насельніцтва Астраўца (Гродзенская вобласць), побач з якім пабудаваная БелАЭС, павялічылася з 8 тыс. да 15 тыс. чалавек. На станцыі працуе каля 3 тыс. чалавек, з якіх каля траціны — людзі ва ўзросце да 32 гадоў, сярэдні ўзрост калектыву — 38 гадоў.

“Выпускнікі энергетычных факультэтаў мараць трапіць туды на працу, — сцвярджае Лукашэнка. — Выдатны горад. Не трэба нікога агітаваць. Па любых спецыяльнасцях людзі туды едуць. У добраўпарадкаванні, інжынернай інфраструктуры, ва ўзроўні даходаў (у тройцы лідараў па ўсіх рэгіёнах) мы лічым Астравец залатым стандартам для развіцця раённых цэнтраў”.

Такім чынам, на думку палітыка, АЭС з’яўляецца “найважнейшым драйверам рэгіянальнага развіцця на дзесяцігоддзі наперад”.

Збудаванне першай станцыі — Беларускай АЭС паблізу Астраўца — завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекту, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га, у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў БелАЭС або збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта, папярэдні раз — 2 верасня (“Мы яе абавязкова пабудуем”).

Пра тое, што Мінэнерга рыхтуецца прадставіць ураду “абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі”, кіраўнік ведамства Дзяніс Мароз паведаміў 16 верасня.

За два дні да гэтага міністр заявіў, што Мінэнерга знаходзіцца “ў стадыі дэталёвага абмеркавання тэхніка-эканамічнага абгрунтавання збудавання новай АЭС або трэцяга энергаблока на дзейнай”.

26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў каментарыі “Позірку” заявіла, што нельга дапусціць, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі будаваў у Беларусі другую атамную станцыю, пераследуючы ўласныя палітычныя мэты.

Падзяліцца: