Мінск 05:32

Беларусы больш дапамаглі УСУ, чым праваабаронцам і палітзняволеным у Беларусі — старшыня міжнароднай камісіі КР Мамаева ў Кіеве

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 15 лістапада 2025 года ў 16:18

15 лістапада, Позірк. Беларусы ахвяравалі ўкраінскай арміі і добраахвотнікам больш, чым на падтрымку праваабаронцаў і палітзняволеных у Беларусі. Такую заяву зрабіла кіраўнік дэлегацыі дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) і міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады (КР) Аляксандра Мамаева на дыялогавай панэлі “Двухбаковыя стасункі Беларусі і Украіны: актуальны стан і перспектыва ў пасляваенны перыяд”. Мерапрыемства было арганізаванае ў межах другой часткі ІV Форума Астрожскіх у Кіеве.

На думку Мамаевай, беларусы могуць дапамагаць у змаганні з Расіяй праз далучэнне да падраздзяленняў добраахвотнікаў у складзе Узброеных сіл Украіны (УСУ), барацьбу са спробамі ўцягнуць Беларусь у вайну, развіваць валанцёрскую дзейнасць, мабілізоўваць беларускія дыяспары на дапамогу Украіне.

Прадстаўнік КР нагадала, што дэмакратычныя сілы выступаюць за узмацненне санкцый для рэжыма Лукашэнкі, крымінальную адказнасць для яго паслугачоў, патрабуюць справядлівага міра і не дапусціць таго, каб Лукашэнка стаў бокам перамоваў.

З улікам гэтага важна вырашаць праблемы беларусаў ва Украіне, якіх, паводле слоў Мамаевай, там жыве каля 20 тыс. “І мы спадзеяемся на спрыянне з боку Украіны”, — дадала яна.

“Адна з маіх ідэй — стварэнне альянса неакупаваных краін (Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, магчыма, Арменія), каб разам супрацьстаяць агрэсіі Расіі ў тым ліку на міжнароднай арэне і адзін аднаго падтрымліваць, а таксама наладзіць абмен досведам па еўрапейскай інтэграцыі, таму што наша стратэгічная мэта — каб аднойчы Беларусь стала часткай Еўрапейскага саюза”, — паведаміла Мамаева.

Першая частка форуму прайшла 11 і 12 лістапада ў Львове, другая пачалася 14 лістапада ў Кіеве і працягнецца два дні.

Падзяліцца: