Мінск 23:03

З пачатку года ў Польшчы затрымана больш за 300 “арганізатараў нелегальнай міграцыі” — МУСіА

Фота: МУСіА Польшчы

16 лістапада, Позірк. Аб стабілізацыі становішча на мяжы з Беларуссю заявіла 16 лістапада ў сацсетцы Х Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы (МУСіА).

Падкрэсліваецца зніжэнне колькасці спробаў незаконнага перасячэння мяжы, а таксама памяншэнне “агрэсіі супраць патрулёў”.

“Усяго некалькі тыдняў таму рэгістравалася да 100 спробаў у дзень. Цяпер часцей за ўсё гэта некалькі [спробаў у дзень] або дзясяткі [спробаў]”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым ведамства звяртае ўвагу на мадэрнізацыю фізічнай загароды на мяжы, якая сярод іншага ўмацоўваецца і абсталюецца назіральнымі вышкамі. “Гэта важна, таму што злачынныя групы шукаюць новыя метады [перасячэння мяжы], і неабходна апярэджваць іх дзеянні”, — адзначае МУСіА.

Паведамляецца, што з пачатку года Польшча прадухіліла больш за 29 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, затрымана “каля 300 арганізатараў нелегальнай міграцыі”.

У ахове мяжы з Беларуссю задзейнічана каля 2,2 тыс. прадстаўнікоў розных сілавых службаў.

Упершыню за апошнія два гады польскі кірунак не прыярытэтны для мігрантаў, якія імкнуцца трапіць з Беларусі ў Еўрасаюз, сведчыць праведзены “Позіркам” 13 лістапада аналіз статыстыкі памежных службаў краін ЕС.

За 11 дзён лістапада былі здзейсненыя 193 спробы трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі, у той час як у Латвію — 326, або на 68,9% больш. Спробаў перайсці ў Літву з пачатку месяца не зафіксавана.

Апошні раз Польшча не была галоўнай мэтай мігрантаў у кастрычніку 2023 года — 2.221 спроба супраць 2.866 спробаў трапіць у Латвію (у Літву — 387).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: