Мінск 18:31

BySol запусціў калядны збор сродкаў для дзяцей палітвязняў

Ілюстрацыя: BySol

17 лістапада, Позірк. Калядны збор сродкаў для дзяцей палітвязняў запусціў фонд салідарнасці BySol.

“Дарослы свет паспеў прычыніць гэтым дзецям занадта шмат дрэннага: выклікаць трывогу, пазбавіць звыклага клопату, прымусіць перажываць расстанне з самымі роднымі людзьмі. Гэта тое, з чым не павінна сутыкацца ні адно дзіця. Менавіта мы з вамі можам паказаць, што свет дарослых бывае не толькі жорсткім”, — гаворыцца ў апісанні збору на сайце фонду.

Адзначаецца, што збор “прыдуманы для таго, каб сем’і палітвязняў атрымалі падтрымку, а кожнае дзіця — знак увагі і надзею”.

“Мы прымаем заяўкі ад бацькоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ад тых, хто цяпер клапоціцца пра дзяцей палітвязняў. На кожнае дзіця мы разлічваем сабраць па 100 еўра — каб у гэтых сем’ях была магчымасць стварыць адчуванне сапраўднага свята”, — паведамляе BySol.

Фонд чакае больш за 200 заявак на атрыманне сродкаў. “Каб ніхто не застаўся без падарунка, нам разам з вамі трэба сабраць больш за 20.000 еўра. Сума вялікая, але беларуская салідарнасць ужо не раз даказвала, што разам мы можам зрабіць гэта. Кожны ваш уклад вельмі важны — 5, і 10, і 100 еўра. Любая сума ператворыцца ў частку вялікага цуду”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Паведамляецца, што сваякі палітвязняў або былыя вязні могуць падаць заяўку на атрыманне сродкаў для дзяцей да 16 гадоў да 21 снежня ўключна.

З удакладняючымі пытаннямі фонд заклікаў звяртацца на акаўнт у месенджары “Телеграм” — @bysol_pzk.

Фонд салідарнасці BySol заснаваны ў 2020 годзе. Займаецца зборам сродкаў і аказаннем іншай дапамогі людзям, пацярпелым ад палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Падзяліцца: