Турчын прапанаваў заснаваць праграму “Маладыя дыпламаты ШАС”

18 лістапада, Позірк. Заснаваць праграму “Маладыя дыпламаты Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва” (ШАС), разлічаную на маладых спецыялістаў з краін — удзельніц аб’яднання, прапанаваў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын 18 лістапада ў Маскве на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў ШАС.
Беларускі чыноўнік заявіў пра гатоўнасць “прапрацаваць пытанні практычнай рэалізацыі ідэі”, калі прапанова будзе падтрыманая.
“Мы бачым вялікі патэнцыял у стварэнні рэгіянальных цэнтраў прафесійнага навучання, якія будуць рыхтаваць кадры для высокатэхналагічных галін, такіх як робататэхніка, прамысловая аўтаматызацыя, інфармацыйныя тэхналогіі”, — сказаў прэм’ер. — Неабходна падумаць пра распрацоўку ўніверсітэтамі і каледжамі краін ШАС сумесных адукацыйных праграм для падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтых сферах і правядзенне стажыровак на высокатэхналагічных прадпрыемствах і ў навукова-даследчых лабараторыях. Такія кадры стануць важным рэсурсам для развіцця трансфармацыі прамысловасці краін ШАС”.
Турчын нагадаў пра прапановы, якія Аляксандр Лукашэнка агучыў на апошнім саміце арганізацыі ў Кітаі: “Актывізацыя дыялогу па пытаннях спрашчэння працэдур гандлю ўнутры ШАС у мэтах зніжэння гандлёвых бар’ераў, росту тавараабароту і інвестыцыйнай актыўнасці, стварэнне незалежнага фінансавага механізма ШАС для нівелявання санкцыйнага ціску”.
Кіраўнік беларускага ўрада заклікаў арганізацыю стварыць уласную плацежную разліковую інфраструктуру. У гэтым кантэксце ён падтрымаў ідэю стварэння Банка развіцця ШАС, які “мае паўнацэнна функцыянаваць ва ўсіх краінах арганізацыі, надаць дадатковую трываласць і прадказальнасць <…> эканамічным сувязям, задаволіўшы попыт на інвестыцыі, фінансаванне”.
Прэм’ер таксама падтрымаў стварэнне “глабальнага еўразійскага транзітнага хаба, у тым ліку на трэку ЕАЭС — ШАС з мэтай зніжэння транзакцыйных выдаткаў для бізнесу, пашырэння доступу краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі да рынкаў Еўропы і Кітая, а таксама ўмацавання трываласці гандлёвых патокаў ва ўмовах знешняга ціску”.
Заявіўшы пра высокія пазіцыі Беларусі ў сусветным рэйтынгу экспарцёраў харчовых тавараў, Турчын заявіў пра гатоўнасць “дзяліцца назапашаным досведам у гэтай галіне”, а таксама ў сферы медыцынскага турызму.
Акрамя таго, ён заклікаў нарошчваць авіязносіны паміж краінамі ШАС — як паміж сталіцамі, так і паміж рэгіянальнымі цэнтрамі.
14 лістапада стала вядома, што Лукашэнка ўхваліў у якасці асновы для правядзення перамоў праект пратакола пра ўнясенне змяненняў у пагадненне аб парадку фармавання і выканання бюджэту ШАС ад 1 снежня 2017 года. Падпісаць пратакол падчас мерапрыемстваў у расійскай сталіцы 18 лістапада ўпаўнаважаны ўрад.
Праект пратакола замацоўвае магчымасць выплаты штогадовых узносаў у бюджэт ШАС не толькі ў доларах ЗША, але і ў іншых валютах.
Беларусь стала паўнапраўным членам ШАС у 2024 годзе. Згодна з дадаткам да Пагаднення аб парадку фармавання і выканання бюджэту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, памер яе долевага ўнёску складае 5,8%, гэта мінімальны паказчык сярод усіх членаў арганізацыі, столькі ж выплачвае Іран. Больш за ўсіх, па 17,6%, у бюджэт арганізацыі плацяць Кітай і Расія. Агульны памер бюджэту штогод зацвярджаецца Саветам кіраўнікоў урадаў ШАС.
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа дзесяць месяцаў з дзяржпадтрымкай пабудавана на 5% менш жылля, чым за той жа леташні перыяд (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаВУП у студзені — кастрычніку вырас на 1,5% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка



