Мінск 09:46

За масавую гібель парасят інжынер свінафермы ў Лёзненскім раёне прыгавораны да абмежавання волі

Фота: СК

19 лістапада, Позірк. Да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) прыгавораны былы галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства “Віцебскі бекон”, паведамляе дзяржвыданне “Навіны Лёзна”.

Рашэнне прынята на выязным пасяджэнні суда Лёзненскага раёна.

Адзначаецца, што вінаваты таксама абавязана пакрыць прычыненую шкоду ў памеры 151.808,75 рубля. Акрамя таго, фігурант справы на тры гады пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі і арганізацыйна-распарадчымі абавязкамі.

Аб масавай гібелі парасят у Лёзненскім раёне 28 верасня паведаміў Следчы камітэт. Гэта здарылася 26 красавіка 2025 года з прычыны “службовай халатнасці” галоўнага інжынера сельскагаспадарчага прадпрыемства, сцвярджала ведамства.

“У ходзе расследавання ўстаноўлена, што комплекс абсталяваны сістэмай клімат-кантролю. Доступ да яе кіравання меў галоўны інжынер. Следчыя выявілі, што ў сярэдзіне сакавіка адбылася перазагрузка сістэмы, для чаго ў яе спатрэбіўся паўторны ўваход, аднак гэтага не атрымлівалася зрабіць праз няспраўнасць клавіятуры ў пакоі аховы”, — гаворылася ў рэлізе.

Адзначалася, што галоўны інжынер “няспраўнасць не ліквідаваў, а таксама не наладзіў ні гукавую, ні светлавую сігналізацыі для апавяшчэння работнікаў аб аварыйных сітуацыях на прадпрыемстве і менавіта з гэтага перыяду з’яўляўся адзіным работнікам дзяржаўнага прадпрыемства, якому ў непрацоўны час паступалі паведамленні — апавяшчэнні аб працы сістэмы клімат-кантролю, у тым ліку аб крытычных зменах тэмпературы ў сектарах рэпрадуктара, дзе ўтрымліваюцца жывёлы”.

У ноч на 26 красавіка ў памяшканні з парасятамі адбылося адключэнне сістэмы вентыляцыі, што прывяло да “павышэння тэмпературы звыш устаноўленай нормы і непаступлення свежага паветра”, паведамляў СК. “У гэты перыяд часу абвінавачаны атрымліваў сігналы трывогі, аднак не прыняў меры па зніжэнні тэмпературы праз праграмнае забеспячэнне, усталяванае на мабільным тэлефоне, а таксама не апавясціў работнікаў аб праблеме”, — адзначала ведамства.

У выніку загінула 677 парасят, 160 жывёл работнікам прадпрыемства ўдалося выратаваць.

“Згодна з пратаколам патолагаанатамічнага ўскрыцця трупаў жывёл, прычынай смерці з’явілася спыненне сэрца і асфіксія ў выніку ацёку лёгкіх, гэта значыць парасяты загінулі ад павышэння тэмпературы і адсутнасці прытоку свежага паветра”, — падкрэсліваў камітэт.

У той дзень, як заяўлялася, галоўны інжынер “перад тым, як легчы спаць”, ажыццяўляў “аддалены доступ да сістэмы, але толькі для таго, каб паглядзець тэмпературу ў праблемных месцах”. Сектар, дзе адбыўся падзёж парасят, ён “не пракантраляваў, бо раней у ім праблем не ўзнікала”.

Пры гэтым, паводле даных следства, на мабільны тэлефон супрацоўніка прыходзілі паведамленні з сігналамі трывогі аб працы сістэмы клімат-кантролю і перавышэнні дапушчальнай тэмпературы на ферме.

У дачыненні да 53-гадовага мужчыны была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 428 КК (невыкананне і неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры).

Падзяліцца: