Мінск 20:00

ДМК адзначае двухразовы рост парушэнняў, звязаных з незаконным перамяшчэннем валюты з Польшчы

19 лістапада, Позірк. Грамадзянка Украіны, якая прыбыла на аўтамабілі “Мерседэс-Бенц“ у пункт пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль), схавала на сабе валюту ў эквіваленце 42 тыс. долараў ЗША, спакаваўшы яе ў калготы, якімі абвязалася. Пра гэта паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.

Кіроўца абрала для перасячэння мяжы зялёны калідор, які прадугледжаны для руху ў выпадку адсутнасці тавараў, што падлягаюць дэклараванню.

У дачыненні да іншаземкі Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 228 КК, ёй пагражае штраф або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Па тым жа артыкуле заведзена справа на 43-гадовага грамадзяніна Германіі. Брэсцкая транспартная пракуратура ўзяла яго пад варту.

Мытня адзначае, што грамадзянін задэклараваў 70 тыс. еўра, а астатнюю частку грошай (73 тыс. долараў ЗША) схаваў у падлакотніку свайго аўтамабіля “Аўдзі“ і ў кішэнях сумкі.

Паводле звестак мытні, з пачатку 2025 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024-га фіксуецца двухразовы рост правапарушэнняў, звязаных з незаконным перамяшчэннем праз беларуска-польскі ўчастак мяжы грашовых сродкаў. Брэсцкія мытнікі выявілі 645 такіх адміністрацыйных правапарушэнняў, узбуджана восем крымінальных спраў.

Падзяліцца: