Мінск 21:52

За 10 месяцаў 2025 года спагнана больш за 420 тыс. рублёў штрафаў за парушэнні заканадаўства аб цэнаўтварэнні — МАРГ

19 лістапада, Позірк. На пачатак лістапада 2025 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Беларусі ўстанавіла парушэнні ў 248 суб’ектаў гаспадарання заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні, паведаміла дзяржгазета “Рэспубліка“ са спасылкай на ведамства.

Адзначаецца, што выдадзена 75 прадпісанняў аб устараненні парушэнняў, ужытыя меры адміністрацыйнай адказнасці і прафілактычнага характару ў дачыненні да 377 асоб. Штрафныя санкцыі па разгледжаных адміністрацыйных справах склалі больш за 420 тыс. рублёў.

Раней прэс-служба МАРГ паведамляла, што за 9 месяцаў 2025 года парушэнні ў гэтай сферы былі выяўленыя ў 212 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку сем фактаў рэалізацыі прадукцыі за межы Беларусі па цэнах ніжэй за вызначаныя гранічныя мінімальныя.

Тады адзначалася, што штрафныя санкцыі па разгледжаных адміністрацыйных справах склалі больш за 400 тыс. рублёў (з улікам матэрыялаў папярэдніх гадоў).

Дзейная ў краіне сістэма рэгулявання цэн у красавіку была скарэктаваная ў шосты раз. Адпаведную пастанову ўрада № 713 (6) падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

У адпаведнасці з дакументам, “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку“, пералік тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню, быў скарочаны з 331 да 211 пазіцый (на 36,3%).

З-пад цэнавага рэгулявання былі выключаныя тавары, якія рэалізуюцца рэзідэнтам Беларусі для наступнай пастаўкі на экспарт (пасля ўзгаднення такой здзелкі з адпаведным дзяржаўным органам) і тавары, якія рэалізуюцца ў стэрыльнай зоне аэрапортаў.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “аб недапушчальнасці росту коштаў”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней у дакумент неаднаразова ўносіліся змены: з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання коштаў.

Як паведамляў “Позірк“, спажывецкія цэны ў кастрычніку 2025 года выраслі на 0,3% у месячным вымярэнні і на 6,9% — у гадавым.

Падзяліцца: