Мінск 10:59

Прэзідэнт Эстоніі заявіў аб падтрымцы барацьбы беларускага народа за свабоду (дапоўнена)

Алар Карыс і Святлана Ціханоўская
Фота: Франак Вячорка

21 лістапада, Позірк. Аб падтрымцы Эстоніяй барацьбы беларускага народа за свабоду заявіў на сваёй старонцы ў Х прэзідэнт гэтай балтыйскай дзяржавы Алар Карыс пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 20 лістапада ў Таліне.

Ён заклікаў Еўрасаюз працягваць цвёрды ціск на беларускія ўлады, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні і не спыняцца рэпрэсіі, адзначыўшы, што беларускія змагары за дэмакратыю не адныя.

Паводле слоў Карыса, ён абмеркаваў з Ціханоўскай “апошнія падзеі ў Беларусі”.

“Эстонія заўсёды падтрымлівала беларускі народ, і мы глыбока ўдзячныя вам за сяброўства і падтрымку. Разам з нашымі еўрапейскімі хаўруснікамі мы будзем працягваць працаваць, пакуль Беларусь не стане свабоднай”, — напісала дэмлідар у Х.

Дапаўненне. Як паведаміла прэс-служба Ціханоўскай, асноўнымі тэмамі сустрэчы сталі ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі, залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі і яго саўдзел у вайне супраць Украіны; працэс вызвалення палітвязняў, у тым ліку гуманітарныя намаганні ЗША і Ватыкана; правакацыі на мяжы і гібрыдныя пагрозы, якія рэжым стварае для суседзяў; магчымыя крокі міжнароднай супольнасці, каб прымусіць рэжым спыніць рэпрэсіі і варожыя дзеянні супраць беларусаў і суседніх краінаў.

Ціханоўская распавяла прэзідэнту Эстоніі аб працы дэмакратычных сілаў з Еўрапейскім саюзам (падтрымка незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, культурніцкіх ініцыятываў, праблемы беларусаў з дакументамі і легалізацыяй). Бакі абмеркавалі таксама стасункі Беларусі і Украіны, шляхі ўмацавання праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве.

Ціханоўская падзякавала Эстоніі за прызначэнне спецпасланніка па Беларусі (Кармен Лаўс, якая замяніла Марка Каплімаа), падтрымку беларускіх ініцыятыў і адкрыццё Офіса дэмакратычных сілаў у Таліне, прынцыповую пазіцыю на міжнародных пляцоўках і пастаянную дапамогу рэпрэсаваным і вымушаным пакінуць краіну беларусам.

Прэзідэнт Эстоніі атрымаў запрашэнне наведаць Місію дэмакратычных сілаў у Таліне.

Бакі дамовіліся працягваць цеснае супрацоўніцтва ў 2026 годзе — асабліва ў сферах міжнароднай ізаляцыі рэжыму, вызвалення і падтрымкі палітвязняў, умацавання бяспекі ў рэгіёне.

Ціханоўская наведвае Талін 20-21 лістапада. Праграмай візіту, як паведаміў “Позірку“ яе галоўны дарадца Франак Вячорка, прадугледжаныя сустрэчы з кіраўніцтвам МУС, МЗС, сябрамі групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў парламенце Эстоніі і з беларускай дыяспарай.

Дэмлідар возьме ўдзел у канферэнцыі “Аўтарытарызм і супраціў: урокі Беларусі і Грузіі“, а таксама ў праглядзе канадскага фільма “Не створаныя для палітыкі“, прысвечанага журналістам — былым палітвязням, якія жывуць у выгнанні.

Падзяліцца: