Грамадзян Украіны, вернутых 22 лістапада, у Беларусі пераважна абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны — ГУВ МА

22 лістапада, Позірк. Грамадзян Украіны, вернутых 22 лістапада, у Беларусі пераважна абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны, заявіў у эфіры ўкраінскага тэлебачання прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны (ГУВ МА) Андрэй Юсаў.
“На гэты раз з тэрыторыі Беларусі вернуты 31 грамадзянін, — цытуе прадстаўніка ведамства інфармагенцтва “Укрінформ”. — Гэта цывільныя мужчыны і жанчыны, якія ўтрымліваліся за праўкраінскую пазіцыю, абвінавачваліся ў дапамозе і садзейнічанні Украіне”.
Паводле слоў Юсава, самая маладая вызваленая ўкраінка правяла ў няволі два гады, а затрымалі дзяўчыну, калі ёй было 16 гадоў. “І абвінавацілі яе, уласна, у падтрымцы Украіны і таму, што яна спрабавала ў парушэнне закона рабіць некаторыя рэчы на тэрыторыі Беларусі”, — сказаў ён. Гаворка пра Марыю Місюк, якую беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенай.
Усе вызваленыя ўжо на тэрыторыі Украіны, падкрэсліў прадстаўнік ГУВ МА. Ён адзначыў, што гэта “людзі рознага лёсу”, у тым ліку “жыхары часова акупаваных тэрыторый, якія апынуліся ў Беларусі”.
“Сярод вызваленых маюцца таксама і цяжкахворыя, у прыватнасці анкалогіяй. Маюцца людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. Сёння ўсім надаецца неабходная дапамога. Гэта аперацыя завершаная, гэта надзвычай важная падзея. Чарговы раз мы паказваем на ўвесь свет, што Украіна змагаецца за сваіх, дзе б яны ні былі”, — падкрэсліў Юсаў.
Прадстаўнік ведамства звярнуў увагу на “канструктыўную пазіцыю кіраўніцтва Беларусі”: “Таму што нашы грамадзяне сёння дома, жывыя, і ім надаецца дапамога”. Адказваць на пытанне, як шмат украінцаў застаецца ў няволі на тэрыторыі Беларусі, ён не стаў, заявіўшы, што гэта “ўразлівая інфармацыя”.
“І па-рознаму могуць інтэрпрэтавацца нашы даныя і даныя беларускія. Але відавочным з’яўляецца факт, што як бы ні было цяжка, якія б справядлівыя ацэнкі мы ні давалі, Беларусь — гэта не Расія. І тое, што сёння адбылася гэта падзея, — яскравае таму сведчанне. Выпадкі былі розныя, але сёння мы бачым добры вынік”, — заявіў прадстаўнік ГУВ.
Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, што “здзейснілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі” Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар палітыка Наталля Эйсмант.
Паводле яе слоў, рашэнне прынятае “ў развіццё дасягнутых дамоўленасцей” з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, “на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэння ўмоў для ўрэгулявання ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве”.
“Вось літаральна цяпер, у гэтыя хвіліны, адбываецца перадача іх украінскаму боку”, — сказала Эйсмант.
Лукашэнка, заявіла яго прэс-сакратар, “паступальна выступае за стабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне, наладжванне дыялогу паміж усімі дзяржавамі і вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў выключна мірным шляхам”.
“Перагаворы з рознымі краінамі і, перш за ўсё, Злучанымі Штатамі Амерыкі цяпер знаходзяцца ў актыўнай фазе. Мы заўсёды казалі і кажам — Рэспубліка Беларусь адкрытая да дыялога і гатовая разглядаць прапановы ўсіх зацікаўленых бакоў”, — падкрэсліла яна.
Пазней вызваленне групы суайчыннікаў пацвердзіў украінскі Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі. Ведамства паведаміла, што гэта “жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прыгавораныя да розных тэрмінаў зняволення — ад 2 да 11 гадоў”.
“Узрост самай маладой вызваленай сёння ўкраінкі — 18 гадоў, найстарэйшаму 58 гадоў. Сярод вызваленых грамадзянскіх асоб маюцца хворыя на цяжкія хваробы, у прыватнасці анкалогію. <…> Вызваленыя ўкраінцы атрымаюць усю неабходную медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю”, — адзначыў штаб.
24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
Зазулінская пра вызваленне 31 грамадзяніна Украіны: Добра, што люді, якія знаходзіліся ў закладніках, цяпер на шляху дадому
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з кіраўніцтвам МЗС Эстоніі падтрымку беларусаў і санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства



