Мінск 14:45

Кандыдатура генеральнага сакратара АДКБ на 2026–2029 гады будзе разгледжаная 27 лістапада

Ілюстрацыя: сайт ПА АДКБ

24 лістапада, Позірк. Кандыдатура генеральнага сакратара Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) на 2026–2029 гады будзе разгледжаная на сесіі Савета калектыўнай бяспекі 27 лістапада ў Бішкеку (Кыргызстан), паведамляе прэс-служба ваенна-палітычнага блока.

Плануецца таксама прыняць дэкларацыю з адлюстраваннем “кансалідаваных пазіцый” дзяржаў — членаў АДКБ па “актуальных пытаннях бяспекі”. Чакаецца, што на сесіі будуць абвешчаныя прыярытары старшынства Расіі ў арганізацыі ў 2026 годзе.

У той жа дзень адбудзецца сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ. На ім плануецца абмеркаваць “актуальныя пытанні сумеснай працы”, у тым ліку “ўмацаванне супрацы ў сферы супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў і незаконнай міграцыі”.

З 1 студзеня 2023 года генеральным сакратаром АДКБ з’яўляецца прадстаўнік Казахстана Імангалі Тасмагамбетаў, які раней займаў пасаду міністра абароны, а пасля ўзначальваў казахстанскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Расіі. На пасадзе кіраўніка сакратарыята ваенна-палітычнага блока Тасмагамбетаў змяніў прадстаўніка Беларусі — былога дзяржсектарара Савета бяспекі Станіслава Зася.

Як паведамляў “Позірк”, у 2026 годзе на тэрыторыі Беларусі пройдуць спецыяльныя вучэнні АДКБ “Бар’ер-2026”. Начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біяабароны (РХБ) Генштаба Ўзброеных сіл Вячаслаў Старкоў, які анансаваў іх, заявіў, што ў рамках манеўраў будзе працягнутая “практыка сумеснага выканання задач па ліквідацыі біялагічных пагроз у інтарэсах Калектыўных міратворчых сіл” АДКБ.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Разам з тым армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заяўляюць пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінавачвае арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.

Падзяліцца: