Ціханоўская: Мы павінны будаваць Беларусь, дзе дзяржава будзе не крыніцай гвалту, а гарантам абароны

24 лістапада, Позірк. Будаваць Беларусь, дзе “ніводная жанчына не будзе баяцца вяртацца дадому, зможа працаваць без прыніжэнняў і ціску”, дзе дзяржава будзе не “крыніцай гвалту”, а “гарантам абароны”, заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 24 лістапада ў заяве да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту супраць жанчын.
“Сёння мы гаворым пра гвалт у самых розных яго формах: фізічны, псіхалагічны, палітычны, — адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале. — Пра тых жанчын, якія сутыкнуліся з хатнім гвалтам і былі вымушаныя шукаць абароны там, дзе яе часта няма. Пра тых, хто перажываў прыніжэнні і дыскрымінацыю на працы. Пра жанчын, якія страцілі волю за сваю грамадзянскую пазіцыю, прайшлі праз допыты, ціск, пагрозы і нават гвалт. І пра тых, хто, нягледзячы на страх і небяспеку, працягвае змагацца за праўду і свабоду”.
Беларускі, паводле слоў дэмлідара, штодня праяўляюць неверагодную стойкасць: “Трымаюць на сваіх плячах сям’ю, працу, грамадскія ініцыятывы, падтрымліваюць людзей вакол сябе і <…> краіну ў самыя цяжкія часы”.
“І сёння я хачу сказаць кожнай жанчыне: вы не адна. Мы побач. Мы разам. І калі вам пагражае небяспека — не абірайце маўчанне. Ніводная жанчына не павінна заставацца сам-насам з гвалтам”, — падкрэсліла Ціханоўская.
Палітык заклікала жанчын звяртацца па дапамогу да надзейных блізкіх, у сацыяльныя і праваабарончыя арганізацыі, у службы падтрымкі, калі яны сутыкаюцца з “пагрозамі, ціскам або абразамі”. “Прасіць абароны — гэта не слабасць”, — запэўніла дэмлідар.
Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна” на канец верасня, з 2020 года сама меней 9.044 чалавекі сутыкнуліся з крымінальным пераследам з палітычных матываў. Агульная колькасць палітвязняў на канец месяца — 1.242, з іх 198 жанчын.
Мінімум 182 палітвязні знаходзяцца “ў асаблівай рызыцы” праз стан здароўя, прыналежнасць да ўразлівай групы або іншыя асаблівасці пераследу. Колькасць былых палітвязняў склала 3.016 чалавек, з іх 615 жанчын.
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка



