Мінск 21:07

АПК прапануе ЗША, ЕС і Велікабрытаніі правесці канферэнцыю па вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі

Ілюстрацыя: старонка АПК у "Фэйсбуку"

24 лістапада, Позірк. Аб’яднаны пераходны кабінет прапанаваў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, урадам краін Еўрапейскага саюза, а таксама Вялікабрытаніі правесці канферэнцыю, прысвечаную “вырашэнню глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і садзейнічанню пачатку нацыянальнага дыялогу ў Беларусі”.

Пра гэта гаворыцца ў заяве АПК, апублікаванай 24 лістапада “ў сувязі з актывізацыяй перамоваў па выпрацоўцы мірнага плана для Украіны і па выхадзе з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі”.

Вітаючы актывізацыю перамоваў аб міры ва Украіне, АПК падкрэслівае “важнасць адстойвання інтарэсаў Украіны, якая была падвергнутая беспрэцэдэнтнай агрэсіі з боку Расіі пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі”.

Пры гэтым АПК адзначае неабходнасць выпрацаваць адзіную пазіцыю адносна будучыні Беларусі, часткай якой павінна быць захаванне незалежнасці, суверэнітэту і правядзенне дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне.

“Беларускае грамадства знаходзіцца пад беспрэцэдэнтнымі, самымі маштабнымі ў гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў Еўропы рэпрэсіямі, а таксама падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму інфармацыйнаму, ідэалагічнаму, ваеннаму і палітычнаму ўплыву Расійскай Федэрацыі. Лічым важным адзначыць, што зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі павінна быць абумоўлена змяненнем унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі рэжыму, а таксама пачаткам поўнамаштабнага дыялогу з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі інстытутамі”, — гаворыцца ў заяве.

Кабінет паведаміў, што будзе праводзіць актыўныя кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі для выхаду з унутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.

20 лістапада ЗША прадставілі мірны план для Украіны з 28 пунктаў. Згодна з дакументам, які распаўсюдзілі СМІ, Украіна сярод іншага павінна цалкам вывесці войскі з Данбаса, істотна скараціць сваё войска, адмовіцца ад дальнабойнага ўзбраення і ўступлення ў НАТО. Шэраг экспертаў назвалі дакумент “планам капітуляцыі”. Яго, як паведамлялі СМІ, таксама адрынулі краіны Еўрасаюза.

Разам з тым па выніках перамоваў у Жэневе (Швейцарыя), у якіх удзельнічалі прадстаўнікі ЗША і Украіны, мірны план скараціўся з 28 пунктаў да 19, паведаміла Financial Times са спасылкай на свае крыніцы. Бакі назвалі перамовы канструктыўнымі.

Падзяліцца: