Мінск 16:45

Адміністрацыя Трампа абмяркоўвае з Мінскам вызваленне не менш за 100 палітвязняў — Reuters

Фота: cottonbro studio / pexels.com

26 лістапада, Позірк. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з беларускімі ўладамі магчымасць хуткага вызвалення прынамсі 100 палітычных зняволеных.

Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на “тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй”.

Адзначаецца, што дыялог вядзецца “ў рамках далейшага працягваецца збліжэння паміж ЗША і саюзнікам Расіі”.

Агенцтва ўдакладняе, што “хоць аўтарытарная дзяржава вызваліла дзясяткі затрыманых у некалькі этапаў з моманту ўступлення прэзідэнта Дональда Трампа на пасаду ў студзені, амерыканскія чыноўнікі хочуць дамагчыся вызвалення больш за 100 зняволеных у рамках адной угоды”.

Заяўляецца, што амерыканскія чыноўнікі паведамілі агенцтву, што “ўзаемадзеянне адміністрацыі Трампа з Беларуссю з’яўляецца часткай доўгатэрміновай, больш шырокай стратэгіі вываду Мінска з геапалітычнай арбіты Масквы, хай нават у нязначнай ступені”.

На іх думку, “нават нязначны зрух у бок Захаду будзе стратэгічнай перамогай, улічваючы, што Беларусь доўгі час была сталай крыніцай раздражнення для НАТО і верным саюзнікам Расіі”.

Пры гэтым агенцтва нагадвае, што “большасць еўрапейскіх краін трымаюцца ад Мінска на адлегласці праз глыбокія сувязі Беларусі з Расіяй і дрэнную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне”. “У мінулым месяцы ЕС зрабіў больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі”, — канстатуецца ў публікацыі.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на брыфінгу ў Варшаве 24 лістапада паведаміла, што правяла перамовы са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.

У кантэксце далейшага вызвалення палітвязняў яна сказала: “Мы аднолькава разумеем сітуацыю. Спадар Коўл прыкладае вялікія намаганні, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў і дамагчыся спынення рэпрэсій. І каб людзі мелі магчымасць застацца ў Беларусі таксама. Я шчыра спадзяюся, што ў бліжэйшыя тыдні будуць добрыя навіны”.

Адначасова палітык удакладніла, што дэмсілы разам з праваабаронцамі падрыхтавалі “ўсю неабходную інфраструктуру, каб прыняць палітвязняў у Польшчы і Літве і забяспечыць іх самым неабходным”.

9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Коўла на пасаду спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі. “Ён ужо паспяхова дамогся вызвалення 100 Закладнікаў (так амерыканскі кіраўнік называе палітвязняў; “Закладнікі” ў арыгінале з вялікай літары. — “Позірк”.) і мае намер дамагчыся вызвалення яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць паважанаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да пытання вызвалення гэтых людзей”, — адзначыў палітык.

20 лістапада Лукашэнка паведаміў, што ў снежні, хутчэй за ўсё, у яго адбудуцца “чарговыя перамовы з амерыканскімі партнёрамі”.

Падзяліцца: