Мінск 21:12

ЕС выдзеліць Польшчы 44 млрд еўра на праект “Усходні шчыт” — Туск

Фота: прэс-служба ўрада Польшчы

26 лістапада, Позірк. На рэалізацыю праекта “Усходні шчыт” Еўрасаюз выдзеліць амаль 44 млрд еўра, заявіў 26 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

“Мы нарэшце дамагліся безумоўнага прызнання ўсёй Еўропай таго, што “Усходні шчыт”, як і наша ўсходняя мяжа, з’яўляецца агульнай адказнасцю ўсяго Еўрапейскага саюза. Еўропа нарэшце пачала ставіцца да гэтага, як да месца, куды мы інвестуем еўрапейскія грошы, а не толькі нашы польскія”, — цытуе Туска прэс-служба ўрада.

Яшчэ адным “важным элементам“, паводле яго слоў, стане магчымасць “ўкладання інвестыцый у аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, непасрэдна звязаныя з нацыянальнай бяспекай”.

4 верасня прадстаўнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы Славамір Валенчыкоўскі на штогадовым “Эканамічным форуме” ў Карпачы заявіў, што “Усходні шчыт”, які ахопіць 100 км тэрыторыі ўглыб краіны, не варта атаясамліваць толькі з будаўніцтвам фартыфікацыйных збудаванняў.

Як адзначыў военачальнік, у сучасных умовах у фартыфікацый “не шмат шанцаў, каб затрымаць праціўніка на самай мяжы”. Аднак збудаванні “павінны каналізаваць яго рух, прымусіць рухацца на тых кірунках, на якіх мы хочам, каб ён знаходзіўся” — каб мець магчымасць уздзейнічаць на яго сродкамі паражэння, дадаў вайсковец.

У рамках праекта Валенчыкоўскі згадаў выкарыстанне прыродных тэрыторый, дрэнажных канаў, а таксама шэраг інфраструктурных праектаў.

Для перакідання войскаў патрэбныя пад’язныя шляхі, удакладніў ён: “Цяперашнія праектаваліся, калі танкі важылі 40 тон, нашы транспартныя сродкі сёння — 65 тон”.

“Расіяне таксама не спяць, распазнаюць нашу пастаянную інфраструктуру. Мы павінны рыхтаваць альтэрнатывы. Будзе падарваны мост — мы павінны загадзя прыгатаваць пад’язныя шляхі”, — адзначыў прадстаўнік Генштаба.

Пры гэтым ён заклікаў “не забываць аб грамадзянскай лагістыцы”.

“Усходні шчыт” таксама прадугледжвае стварэнне “сістэмы абароны ад нечаканасцяў”, сказаў палкоўнік: “Сэнсары, якія дазваляюць назіраць за праціўнікам па іншы бок мяжы, элементы радыёэлектроннай барацьбы, распазнання аб’ектаў”.

Праект “Усходні шчыт” (пол. “Tarcza Wschód”) пазіцыянуецца як ключавая інвестыцыя ў абароннай сферы Польшчы. Раней паведамлялася, што ён запатрабуе 10 млрд злотых (звыш 2,7 млрд долараў на сёння). Меркавалася частковае сафінансаванне з боку ЕС і НАТО.

Рэалізуецца ў 2024–2028 гадах. Яго мэтай заяўлена ўмацаванне ўстойлівасці Польшчы да нападаў і “гібрыднай вайны”.

Не накіраваны на барацьбу з нелегальнай міграцыяй, хоць ва ўжытку нярэдка памылкова блытаецца са збудаваннем бар’ера на мяжы.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: