Мінск 15:16

Мінск мае намер падпісаць пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з Алжырам

27 лістапада, Позірк. Праект пагаднення аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і Алжыра адобраны ў якасці асновы для правядзення перагавораў указам Аляксандра Лукашэнкі ад 25 лістапада № 422. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

На правядзенне перагавораў упаўнаважаны Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.

20 лістапада Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Дзмітрыем Крутым анансаваў на снежань сваю “вельмі вялікую камандзіроўку па Поўдні фактычна планеты, пачынаючы ад М’янмы, Амана, Алжыра і гэтак далей”.

25 лістапада ён падпісаў указы, якімі адобраны ў якасці асновы для правядзення перагавораў тры праекты міжурадавых пагадненняў з М’янмай: аб узаемнай адмене віз, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, устараненні двайнога падаткаабкладання.

17 лістапада, віншуючы алжырскага кіраўніка з 80-годдзем, Лукашэнка выказаў упэўненасць, што на сустрэчы з прэзідэнтам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам атрымаецца “вызначыць канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым паглыбленні” двухбаковага ўзаемадзеяння і “вывесці яго на новы стратэгічны ўзровень”.

Аб планах “у хуткім часе” наведаць Алжыр Лукашэнка заявіў 1 лістапада, віншуючы з Днём рэвалюцыі народ гэтай краіны ў Паўночнай Афрыцы і асабіста Тэббуна, які, як сцвярджаецца, запрасіў віншавальніка.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Алжырам устаноўлены ў кастрычніку 1995 года. Па сумяшчальніцтве Мінск у краіне прадстаўляе пасол у Егіпце.

У 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 1,01 млн долараў — гэта беларускі экспарт (рост на 7,7% да 2020-га). Імпарт алжырскіх тавараў адсутнічаў. Пазнейшыя дадзеныя МЗС Беларусі не прыводзіць.

Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі на той момант названы калійныя ўгнаенні, тэкстыльныя матэрыялы, прасякнутыя або пакрытыя пластмасамі, газетная папера і канцылярскія вырабы.

Падзяліцца: