Мінск 11:30

Ціханоўская прапанавала новаму складу Бундэстага прыняць рэзалюцыю па Беларусі

Ілюстрацыя: pixabay.com

27 лістапада, Позірк. Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Германію 27 лістапада сустрэлася з абноўленай групай “За дэмакратычную Беларусь“ у нямецкім парламенце (Бундэстагу), сфармаваным па выніках датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў лютым 2025 года.

Як паведаміла прэс-служба палітыка, яна далучылася да ўрачыстага пасяджэння групы з нагоды пачатку яе працы.

Выступаючы на пасяджэнні, Ціханоўская прапанавала разгледзець магчымасць прыняцця Бундэстагам новай рэзалюцыі па Беларусі, якая б “адлюстроўвала бягучую сітуацыю“, і зрабіць яе адным з прыярытэтаў групы на 2026 год.

Дэмлідар таксама звярнулася з просьбай да членаў групы арганізаваць стажыроўкі моладзі ў кожнай з парламенцкіх фракцый.

Яна выступіла з ініцыятывай арганізаваць сустрэчу дэпутатаў Бундэстага, якія сталі сімвалічнымі хроснымі беларускіх палітвязняў, з былымі падшэфнымі і іх сем’ямі.

Ціханоўская заклікала членаў парламента наладзіць рэгулярныя кантакты з беларускай дыяспарай у Германіі, супрацоўніцтва паміж членамі групы і Каардынацыйнай радай, а таксама Аб’яднаным пераходным кабінетам.

Дэмлідэр запрасіла членаў групы ўзяць удзел у чацвёртай сустрэчы альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” у Лондане вясной 2026 года.

8 лістапада 2023 года папярэдні склад Бундэстага па выніках дэбатаў прыняў рэзалюцыю “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і“.

Падчас бягучага візіту ў ФРГ Ціханоўская сустрэлася таксама з прэзідэнтам Бундэстага Юліяй Клёкнер і падзякавала ёй за “асабістую ўвагу да беларускай тэмы, за нязменную салідарнасць Германіі з беларускім народам і за падтрымку ініцыятывы стварэння парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”.

Падзяліцца: