Мінск 09:55

Два прадпрыемствы, прадстаўнікі якіх давалі хабары экс-кіраўніку БЧ, пакараныя штрафамі

Ілюстрацыя: "Позірк"

27 лістапада, Позірк. Эканамічныя суды Мінскай вобласці і Мінска наклалі штрафы на два прадпрыемствы за дачу хабараў экс-кіраўніку Беларускай чыгункі, паведаміла 27 лістапада Генеральная пракуратура па выніках наглядных мерапрыемстваў у сферы процідзеяння карупцыі.

Сума штрафу склала 100% сумы перададзеных сродкаў у выглядзе хабару: каля 270 тыс. рублёў і 1,2 млн рублёў адпаведна. Штрафы прысуджаныя на падставе арт. 24.59 КаАП (незаконнае ўзнагароджанне ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы).

Таксама, згодна з заканадаўствам, абмежавана права аштрафаваных фірмаў удзельнічаць у дзяржаўных закупках.

СМІ і іншыя крыніцы рэгулярна пішуць пра злоўжыванні на БЧ.

3 чэрвеня 2024 года “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі” са спасылкай на свае крыніцы паведаміла аб затрыманні па падазрэнні ў карупцыі першага намесніка начальніка БЧ Пятра Дулуба, а ў канцы ліпеня — намесніка начальніка Сяргея Сізіна і галоўнага інжынера Сяргея Навадворскага.

13 чэрвеня прэс-служба МУС паведаміла аб выкрыцці супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС карупцыйнай схемы, якую “стварыў і курыраваў адзін з кіраўнікоў БЧ”. Сцвярджалася, што падчас ператрусаў у загарадным доме аднаго з фігурантаў было выяўлена больш за 3 млн долараў ЗША. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

14 чэрвеня на нарадзе з урадам Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што за карупцыйныя злачынствы пад следствам знаходзіцца сярод іншых Дулуб, які быў зняты з пасады пастановай урада.

Летась 12 жніўня Лукашэнка прызначыў начальнікам БЧ Валерыя Вярэніча, перавёўшы з пасады намесніка міністра транспарту і камунікацый. Прычыны звальнення папярэдняга кіраўніка Уладзіміра Марозава не былі названыя.

15 жніўня таго ж года стала вядома, што намеснік начальніка БЧ Сізін звольнены за парушэнне пісьмовага абавязацельства, прадугледжанага заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй.

14 кастрычніка 2024 года “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі“ паведаміла аб затрыманні трох менеджараў службы перавозак БЧ. Пад варту былі ўзятыя начальнік службы Віталь Панюшэнка; яго намеснік — начальнік Цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) Фёдар Шуленкоў; першы намеснік начальніка ЦКП — кіраўнік аператыўна-распарадчага аддзела Аляксандр Іваноў. Паводле папярэдняй на той момант інфармацыі, у дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 430 КК (атрыманне хабару).

Паводле звестак Вярхоўнага суда, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за ўчыненне карупцыйных злачынстваў было асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгавораныя да пазбаўлення волі.

Падзяліцца: