Мінск 16:20

68-гадовы кіроўца загінуў у ДТЗ пад Івацэвічамі

Фота: УУС Брэсцкай вобласці

28 лістапада, Позірк. Пра смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне ў Івацэвіцкім раёне паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Аварыя здарылася 28 лістапада ў 11:30. Паводле папярэдняй інфармацыі УУС, 37-гадовы жыхар Баранавічаў кіраваў аўтамабілем “Форд”, рухаючыся па аўтадарозе Р-6 “Івацэвічы — Пінск — Столін” у напрамку Івацэвічаў. “На 27-м кіламетры ўказанай аўтадарогі падчас выканання манеўру абгону [ён] выехаў на паласу сустрэчнага руху і дапусціў сутыкненне з аўтамабілем “БМВ”, які рухаўся ў сустрэчным напрамку пад кіраваннем 68-гадовага жыхара Столінскага раёна, ад чаго апошні аўтамабіль выехаў за межы праезнай часткі ў левы па кірунку руху прыдарожны кювет”, — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку ДТЗ кіроўца “БМВ” загінуў.

“Кіроўца аўтамабіля “Форд” дастаўлены ў медыцынскую ўстанову для ацэнкі стану здароўя. На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі ДАІ, МНС, следча-аператыўная група. Выясняюцца ўсе абставіны таго, што адбылося”, — адзначаецца ў рэлізе.

Як раней паведамляў Следчы камітэт, у першым паўгоддзі гэтага года ў Беларусі зафіксавана зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў і пацярпелых у іх людзей, аднак павялічылася колькасць загінулых. Значны рост колькасці ДТЗ назіраецца ў Гомельскай вобласці, загінулых — у Мінску, а параненых — у Мінскай вобласці. Дакладныя лічбы не называліся.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў 21 кастрычніка паведаміў, што ў 2024 годзе ў ДТЗ у Беларусі загінулі 434 чалавекі.

Падзяліцца: