Мінск 17:41

Ёлачныя цацкі з выявай паэткі Ларысы Геніюш пракуратура прыраўняла да “рэабілітацыі нацызму”

Фота: тэлеграм-канал прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай

28 лістапада, Позірк. Пра выяўленне ў адной з мінскіх крам “прадукцыі, звязанай з рэабілітацыяй нацызму”, паведаміла 28 лістапада Генеральная пракуратура.

Гаворка пра ёлачныя цацкі з выявай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, вынікае з прэс-рэлізу.

Заяўляецца, што Геніюш “была асуджана прыгаворам Вярхоўнага суда БССР ад 7 лютага 1949 года паводле арт. арт. 66, 76 Крымінальнага кодэкса БССР (у рэдакцыі 1928 года) за здраду Радзіме і ўдзел у антысавецкай арганізацыі”. “Падчас Другой сусветнай вайны яна знаходзілася на тэрыторыі Чэхаславакіі і ўдзельнічала ў напісанні звароту “беларусаў пратэктаратаў Чэхіі і Маравіі” да Адольфа Гітлера. Яе дзейнасць была цесна звязана з нацысцкай прапагандай на захопленых беларускіх землях”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Неаднаразова ставілася пытанне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш, аднак Вярхоўны суд устанавіў, што падстаў для яе рэабілітацыі няма”, — адзначае Генпракуратура.

Ведамства паведамляе, што ў адпаведнасці з арт. 1 закона “Аб рэабілітацыі нацызму” да яе адносяцца “дзеянні, здзейсненыя публічна або з выкарыстаннем твора, які дэманструецца публічна, ці сродкаў масавай інфармацыі, ці глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, або іншай інфармацыйнай сеткі, якія выражаюцца ў гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых — наўмысным услаўленні іх, а таксама здзейсненых імі злачынстваў”.

Адзначаецца, што “ёлачныя цацкі з’яўляюцца прадукцыяй уласнай вытворчасці арганізацыі — уласніка крамы”.

“Намеснік пракурора Савецкага раёна Мінска на адрас дырэктара арганізацыі ўнёс прадпісанне пра ліквідацыю парушэнняў заканадаўства аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, у якім запатрабаваў неадкладна ліквідаваць выяўленыя парушэнні, выключыць прапанову набыць указаныя тавары. Акт нагляду выкананы ў поўным аб’ёме”, — заявілі ў Генпракуратуры.

Акрамя таго, па факце выяўлення цацак праводзіцца праверка “для прыняцця рашэння ў парадку арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (рашэнні, якія прымаюцца па заявах або паведамленнях аб злачынстве)”.

7 ліпеня стала вядома, што запланаваны на наступны дзень у мінскай творчаяй прасторы Parason вечар памяці паэткі Ларысы Геніюш скасаваны пасля масавага пратэсту ў сацсетках прарасійскіх прапагандыстаў і актывістаў.

На вечары памяці пра жыццёвы і творчы шлях Геніюш павінен быў распавесці паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла.

Творчасць Ларысы Геніюш (1910–1983) стала вядомай у Беларусі падчас кароткага перыяду нацыянальнага адраджэння ў 1990-х гадах. Яе “Выбраныя творы” 2000 года выдання ў жніўні 2023-га ўлады прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

З 1935 года і да арышту савецкімі спецслужбамі ў 1948-м Геніюш працавала ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў Празе. Была ў зняволенні спачатку ў Чэхіі, потым у сталінскіх лагерах — ёй інкрымінавалі супрацоўніцтва з нацыстамі. Выйшла на свабоду ў 1956 годзе. Не была рэабілітаваная, нягледзячы на некалькі зваротаў грамадскасці на гэты конт. Памерла ў Беларусі.

Падзяліцца: