Мінск 17:28

Ад пачатку года на аб’ектах АПК пацярпела або знішчана 51 адзінка тэхнікі

Фота: МНС

2 снежня, Позірк. У другой палове лістапада на аб’ектах аграпрамысловага комплексу адбыліся тры пажары, на якіх пацярпела адна адзінка тэхнікі, вынікае з сутачных зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Ельскім раёне (Гомельская вобласць) падчас уборкі кукурузы 28 лістапада загарэўся зернеўборачны камбайн — агнём пашкоджаныя кола, маторны адсек і лакафарбавае пакрыццё сельгасмашыны.

26 лістапада адбылося ўзгаранне ў зернесушыльным комплексе ў Слуцкім раёне (Мінская вобласць). У выніку пажару знішчана 0,48 т зерня кукурузы.

Яшчэ адно здарэнне зарэгістравана 19 лістапада ў зернесушыльным комплексе ў Карэліцкім раёне (Гродзенская вобласць). Пра нанесены ўрон не паведамлялася.

За 11 месяцаў 2025 года пашкоджана або знішчана 51 адзінка тэхнікі (за ўвесь 2024 год — мінімум 73).

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Стала менш камбайнаў: зернеўборачных — на 14,6% (з 8.798 на канец 2019 года да 7.514 на канец 2024-га), бульбаўборачных — на 32,9% (з 778 да 522), буракаўборачных — на 27,5% (з 298 да 216), кормаўборачных — на 11,6% (з 4.138 да 3.660), льноўборачных — на 30,1% (з 428 да 299).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася на 9,6% (з 38.966 да 35.241), грузавых аўтамабіляў — на 14,8% (з 17.873 да 15.228).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш на 15,4% (з 10.758 да 9.096), бульбакапалак — на 35,3% (з 1.254 да 811), бульбасаджалак — на 28% (з 1.198 да 862), зернеачышчальных машын — на 12,7% (з 6.939 да 6.059), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — на 19,6% (з 2.559 да 2.057).

Падзяліцца: